Абітурыенты сталі больш дысцыплінаванымі

Завяршылася цэнтралізаванае тэсціраванне. Зараз поўным ходам ідзе выдача сертыфікатаў, а Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў пачаў падводзіць першыя вынікі. Пра адметнасці сёлетняга ЦТ мы папрасілі расказаць дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў М.С.Фяськова.

— Відавочна, што тэма цэнтралізаванага тэсціравання спакваля сыходзіць з першых палос: і рэгістрацыя, і самі іспыты праходзяць у спакойным штатным рэжыме, ЦТ стала звыклым і зразумелым для ўсіх удзельнікаў уступнай кампаніі. Толькі калі агучваюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, блогеры ажываюць і пачынаюць абмяркоўваць балы і працэнты, але аб’ектыўнасць такой формы ўступных іспытаў і абароненасць заданняў не падлягае сумненню. І нават на фоне расійскага скандалу вакол АДЭ, які не сціхае ўжо другі месяц, рэпутацыя цэнтралізаванага тэсціравання застаецца бездакорнай. Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, якія канкрэтныя меры забяспечваюць зладжаны механізм арганізацыі і правядзення ЦТ у Беларусі?
— За гады работы мы набылі добры вопыт арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Напрыклад, асвоілі праграму аўтаматызаванай сістэмы рэгістрацыі абітурыентаў, якая дала нам значныя перавагі пры фарміраванні агульнага банка даных. Гэтая праграма цалкам выключыла паўторную рэгістрацыю абітурыентаў, што было вельмі распаўсюджана ў першыя гады правядзення ЦТ.
Зараз многія цэнтры тэсціравання на постсавецкай прасторы друкуюць тэставыя матэрыялы ў краінах Еўропы, мы ж друкуем гэтыя матэрыялы выключна на сваёй базе непасрэдна перад іспытамі. Раздрукоўка і фарміраванне пакетаў ажыццяўляецца з улікам усіх зарэгістраваных па аўдыторыях (кожны пакет прызначаецца для канкрэтнай аўдыторыі і ўтрымлівае адпаведную колькасць экзаменацыйных матэрыялаў).
Часу на падрыхтоўку няшмат: гэта кароткі перыяд паміж рэгістрацыяй на ЦТ і тэсціраваннем. Але мы паспявалі ўсё зрабіць, нават калі на ЦТ рэгістраваліся 206 тысяч абітурыентаў, а сёлета было ўсяго 117 тысяч.
Дастаўка тэставых матэрыялаў у пункты тэсціравання і назад у РІКВ ажыццяўляецца дзяржаўнай фельд’егерскай службай. І мы штогод адзначаем яе якасную работу: усе матэрыялы дастаўляюцца своечасова.
Што тычыцца непасрэдна правядзення ЦТ, то ў нас склаўся добры вопыт работы з арганізацыйнымі камісіямі ў пунктах тэсціравання. Яны пільна сочаць за выкананнем усіх інструкцый і не дапускаюць ніякіх парушэнняў.
Безумоўна, на нас накладваюць пэўны маральны адбітак падзеі ў Расіі, тым больш, што праводзіцца АДЭ якраз напярэдадні ЦТ. Таму мы засяродзілі асаблівую ўвагу арганізатараў на тым, што выкарыстанне любых тэхнічных сродкаў падчас экзаменаў недапушчальнае, а калькулятары на тэсціраванні па фізіцы і хіміі павінны цалкам адпавядаць патрабаванням ЦТ. Стаяла задача не толькі не дапусціць уцечкі экзаменацыйных матэрыялаў, але і прасачыць, каб падчас правядзення ЦТ абітурыенты не атрым-лівалі інфармацыі звонку.

— Мяне, напрыклад, здзіўляе, што зараз у Расіі абмяркоўваюць не тое, як абараніць экзаменацыйныя матэрыялы ад якой бы там ні было ўцечкі, а прапаноўваюць рабіць больш варыянтаў заданняў, каб мінімізаваць наступствы ўцечкі. Здаецца, у Расіі самі не вераць, што можна забяспечыць канфідэнцыяльнасць пры правядзенні АДЭ…
— Не хацелася б даваць нейкія ацэнкі, але мяне таксама здзіўляе, што ў Расіі аб’явілі тэндар на распрацоўку праграмы для пошуку тых, хто прычыніўся да крадзяжу экзаменацыйных матэрыялаў. Але ж гэта ніяк не паўплывае на вынікі АДЭ. Відавочна, што сёння больш важным з’яўляецца стварэнне сістэмы, якая прадухіліла б уцечку ў будучыні.
Цяжка параўноўваць сітуацыю ў дзвюх розных дзяржавах, бо спрацоўваюць розныя аб’ектыўныя фактары. Напрыклад, Беларусь кампактная краіна, дзе ўсе экзаменацыйныя матэрыялы ствараюцца і апрацоўваюцца ў адным цэнтры (у адрозненне ад Расіі, дзе такіх цэнтраў некалькі). Але пытанні інфармацыйнай бяспекі ў любым выпадку трэба вырашаць.
У нас за кожны тэст адказвае адзін чалавек. Пры гэтым мы сочым, каб у год правядзення ЦТ сярод блізкіх і родных гэтага чалавека не было абітурыентаў, у адваротным выпадку яго не дапускаюць работы з тэставымі матэрыяламі. Такая персанальная адказнасць нават больш надзейная, чым тэхнічная аснашчанасць, і гэта дазваляе нам забяспечыць канфідэнцыяльнасць тэставых матэрыялаў. Чалавечы фактар адыгрывае тут найважнейшую ролю.

— Абітурыентам было загадзя аб’яўлена, што патрабаванні да дысцыпліны на цэнтралізаваным тэсціраванні будуць узмоцнены. Скажыце, ці шмат абітурыентаў праігнаравалі гэтае папярэджанне?
— Трэба сказаць, што колькасць абітурыентаў, якія былі выдалены з экзаменаў за выкарыстанне тэхнічных сродкаў, нават у працэнтных адносінах значна меншая, чым у папярэднія гады. Маладыя людзі нарэшце зразумелі, што ЦТ — гэта сур’ёзна, і патуранняў там няма.
Акрамя таго, сёлета было ўнесена дапаўненне ў Палажэнне аб арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання, якое дае нам права не правяраць бланкі, дзе заўважаны ненарматыўная лексіка ці іншыя правакацыйныя запісы. Адпаведна, і сертыфікаты такім абітурыентам не выдаюцца.
Сёлета мы выявілі 4 такія бланкі (летась было 24), і рашэннем камісіі яны не былі дапушчаны да праверкі. Такім чынам, прынятая мера аказалася дзейснай: абітурыенты сталі больш адказнымі пры запаўненні бланкаў ЦТ.
Увогуле, мы заўважылі, што з кожным годам нам патрабуецца ўсё менш верыфікатараў. І гэта звязана не толькі з памяншэннем колькасці абітурыентаў, але і з тым, што павышаецца якасць запаўнення бланкаў. Зрэшты, нельга сказаць, што раней гэтая якасць была дрэнная, а зараз добрая. Справа ў тым, што ў нас з’явілася магчымасць шматразова праверыць і не дапусціць памылак на этапе рэгістрацыі.

— А ці высокі сёлета працэнт няявак?
— Не магу знайсці тлумачэння гэтаму феномену, але, напрыклад, на ЦТ па мовах колькасць няявак кожны год стабільная і вагаецца ў дыяпазоне 3,2—3,4%. Сёлета крыху вырасла колькасць няявак па гуманітарных прадметах. Аднак традыцыйна самы высокі працэнт тых, хто не з’явіўся на ЦТ, фіксуецца ў рэзервовы дзень (сёлета 15,5%). Гэта вельмі здзіўляе, бо абітурыенты з такімі цяжкасцямі рэгіструюцца на рэзервовы дзень, збіраюць даведкі — і ў апошні момант адмаўляюцца скарыстацца прадастаўленай магчымасцю. Прычым такая сітуацыя паўтараецца штогод.

— А што тычыцца вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, якія б тэндэнцыі вы адзначылі?
— Можна назіраць пэўную палярызацыю паміж тымі, хто атрымаў высокія вынікі, і тымі, хто не пераадолеў вызначаны парог (гэта пераважна выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама выпускнікі мінулых гадоў). І адна і другая група досыць вялікія. Калі казаць пра сярэднестатыстычнага абітурыента, то на ўяўнай крывой ён знаходзіцца дастаткова далёка ад верхняй групы, бліжэй да групы з нізкімі баламі.
На шчасце, і стабальных, і нулявых вынікаў няшмат. У адваротным выпадку гэта істотна ўскладніла б ранжыраванне абітурыентаў, бо, як вядома, дыферэнцыруючая здольнасць нуля (гэтак жа, як і ста балаў) роўная нулю.
На жаль, многія ўспрымаюць 100 балаў як алімпійскі медаль ці перамогу на міжнароднай алімпіядзе. Гэта, безумоўна, не так, бо мы не ставім задачу вызначыць нейкія абсалютныя поспехі выпускнікоў, а складаем рэйтынг абітурыентаў, што дае ўніверсітэтам магчымасць зрабіць якасны адбор абітурыентаў у залежнасці ад прэстыжнасці той ці іншай спецыяльнасці.
Больш за тое, наяўнасць вялікай колькасці стабальнікаў не можа служыць якасным паказчыкам росту навучанасці выпускнікоў. Гэта хутчэй за ўсё гаворыць пра тое, што ёсць абітурыенты, якія мэтанакіравана рыхтуюцца да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, прычым рыхтуюцца не ў апошнія месяцы, а на працягу двух гадоў. Гэта не выпадковыя людзі, а выпускнікі ліцэяў, гімназій, школьныя медалісты, тыя, хто вельмі добра падрыхтаваны.

— Скажыце, ці шмат абітурыентаў не пераадолелі вызначаны парог?
— Сёлета цэнтралізаванае тэсціраванне прайшлі 113 448 абітурыентаў. Мінімальны парог не пераадолелі 40 682 чалавекі — гэта 35,86% ад агульнай колькасці тых, хто здаваў ЦТ. 2064 абітурыенты не пераадолелі парог адначасова па трох прадметах, 11 454 — па двух і 27 164 — па адным вучэбным прадмеце.
Зрэшты, сертыфікаты выдаюцца ўсім абітурыентам, хто атрымаў адзінку і больш, — яны сапраўдныя пры паступленні ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адзінае выключэнне — мы не друкуем і не выдаём сертыфікаты з 0 балаў.

— Ці прагназуеце вы ў сувязі з увядзеннем ніжняй планкі павышэнне прахадных балаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі?
— Яны могуць быць вышэйшымі, але не ў сувязі з увядзеннем парога, а ў сувязі з тым, што вынікі ЦТ у верхняй частцы больш высокія. Адначасова ва ўстановы адукацыі не змогуць прыйсці людзі з вельмі нізкімі баламі.

— Скажыце, як карэлююць тэсты паміж сабой? Ці ёсць выпадкі, што абітурыент, напрыклад, добра здаў матэматыку, але заваліў фізіку?
— Карэляцыя паміж тэстамі вельмі добрая. Напрыклад, графікі вынікаў ЦТ па рускай і беларускай мовах амаль супадаюць (розніца ўсяго 0,08 бала). Такім чынам, калі абітурыент аднолькава ведае дзве мовы, то якую б мову ён ні выбраў у якасці экзамену, вынік будзе амаль аднолькавы. Гэта, аднак, не азначае, што тэсты па рускай і беларускай мовах ідэнтычныя, проста дзякуючы правільнай спецыялізацыі ўдалося дасягнуць такога эфекту. І такая ж карэляцыя існуе паміж іншымі прадметамі, у тым ліку паміж фізікай і матэматыкай.

— Калі з’явяцца ў продажы матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання 2013 года для абітурыентаў?
— З дня на дзень, і менавіта ў той паслядоўнасці, як праходзіла ЦТ: беларуская мова, руская, грамадазнаўства, біялогія, матэматыка і г.д. Абітурыенты змогуць азнаёміцца з усімі матэрыяламі тэсціравання яшчэ да заканчэння тэрмінаў падачы дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

— РІКВ рыхтуе экзаменацыйныя матэрыялы таксама для абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Ці плануюцца сёлета якія-небудзь змены працэдуры правядзення экзамену?
— Як і ў папярэднія гады, мы рыхтуем экзаменацыйныя заданні для паступаючых на базе 9 класаў, але гэта не тэсты. Механізм адрозніваецца ад ЦТ, бо экзаменацыйныя работы правяраюцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Але сакрэтнасць заданняў захоўваецца гэтак жа пільна, канверты раскрываюцца ў прысутнасці прадстаўніка дзяржаўнай камісіі непасрэдна перад пачаткам уступнага выпрабавання.

— Дзякуй, Мікалай Сцяпанавіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.