Электронныя сэрвісы ў дапамогу абітурыентам і магчымасць паступіць ва ўніверсітэт без уступных іспытаў… Што чакае абітурыентаў Гомельскага дзяржаўнага ўнівесітэта імя Францыска Скарыны падчас сёлетняй уступнай кампаніі? Якія новыя спецыяльнасці з’явіліся ва ўстанове вышэйшай адукацыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар СЕМЧАНКА.
— Ігар Валянцінавіч, скажыце, ці будзе ўступная кампанія 2021 года ў ГДУ істотна адрознівацца ад мінулагодняй, ці з’явіцца нешта новае?
— Вядома, што сёлета Міністэрства адукацыі актывізавала работу па павелічэнні колькасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Больш увагі таксама ўдзяляецца падрыхтоўцы спецыялістаў па завочнай скарочанай форме для абітурыентаў, якія ўжо маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Мы задаволены тым, што ўніверсітэту, па нашым хадайніцтве, з улікам адкрыцця новых спецыяльнасцей, Міністэрства адукацыі выдзеліла дадаткова 22 бюджэтныя месцы (18 — на дзённую форму навучання і 4 — на завочную). Такім чынам, абітурыентаў у ГДУ чакаюць 1423 месцы, у тым ліку 747 бюджэтных і 676 платных. Бюджэтны набор па-ранейшаму пераважае, што адпавядае сацыяльна арыентаванай палітыцы нашай дзяржавы.
— Якія электронныя сэрвісы створаны ва ўніверсітэце, каб палегчыць працэс паступлення?
— У дапамогу абітурыентам распрацавана шмат электронных сэрвісаў. Напрыклад, “Асабісты кабінет абітурыента” створаны для папярэдняй рэгістрацыі дакументаў і ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі. “Электронная чарга” дазваляе праз сайт універсітэта gsu.by выбраць час наведвання прыёмнай камісіі для рэгістрацыі на ЦТ і падачы арыгіналаў дакументаў. Для зручнасці пошуку неабходнай інфармацыі па пытаннях тэсціравання і прыёмнай кампаніі дзейнічае мабільны дадатак “Абітурыент ГДУ”. Зараз распрацоўваецца чат-бот у Telegram “Прыёмная камісія ГДУ імя Францыска Скарыны”, з дапамогай якога абітурыенты змогуць своечасова атрымліваць неабходную інфармацыю.
Звесткі пра льготы і іншая актуальная інфармацыя пра паступленне змешчаны на афіцыйным сайце ўніверсітэта ў раздзеле “Абітурыентам” (http://abiturient.gsu.by/). Усе навіны і нюансы ўступнай кампаніі 2021 таксама даступныя праз мабільны дадатак “Абітурыент ГДУ”.
— Выдатна зарэкамендавала сябе ў мінулыя гады практыка правядзення анлайн-кансультацый па вучэбных прадметах напярэдадні тэсціравання. Па якіх прадметах будуць арганізаваны кансультацыі сёлета?
— Анлайн-кансультацыі напярэдадні ЦТ праводзяцца ў ГДУ, пачынаючы з 2017 года. Гэта добрая і да таго ж бясплатная магчымасць задаць пытанні высокакваліфікаваным выкладчыкам універсітэта за дзень-два да пачатку іспыту па адпаведным прадмеце. Акрамя такіх кансультацый, выкладчыкі разбіраюць найбольш складаныя заданні тэсціравання.
Асноўнай пляцоўкай для правядзення анлайн-кансультацый з’яўляецца бінарная дыстанцыйная сістэма навучання ГДУ Тutor. У гэтай сістэме акрамя правядзення масавых відэакансультацый прадугледжана магчымасць дадатковага тэсціравання па ўсіх прадметах (тэсты распрацаваны ва ўніверсітэце ў адпаведнасці са спецыфікай заданняў ЦТ). Доступ да сістэмы дыстанцыйнага навучання, як і да анлайн-кансультацый, атрымліваюць усе абітурыенты, якія запісваюцца на ЦТ у сценах ГДУ.
Сёлета анлайн-кансультацыі для абітурыентаў будуць арганізаваны па 7 прадметах: беларускай, рускай, англійскай мовах, матэматыцы, фізіцы, біялогіі, хіміі, гісторыі Беларусі.
— Ігар Валянцінавіч, якія новыя спецыяльнасці адкрываюцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце ў гэтым годзе?
— Наш універсітэт заўсёды імкнецца адпавядаць патрабаванням часу. Штогод на розных факультэтах адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Сёлета пачынаем набор па трох напрамках: “Камп’ютарная бяспека” на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій; “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”, “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)” на філалагічным факультэце. Па адкрытай у 2019 годзе спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа)” на факультэце фізічнай культуры будзе ажыццяўляцца набор па трох новых відах трэнерскай работы: гандбол, бокс, вольная барацьба.
— Наколькі запатрабаваныя, на ваш погляд, педагагічныя спецыяльнасці, якіх ва ўніверсітэце найбольш?
— Выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей карыстаюцца нязменным попытам у заказчыкаў кадраў — устаноў адукацыі не толькі Гомельскага рэгіёна, але і з іншых абласцей Беларусі. На мой погляд, прафесія настаўніка будзе запатрабавана заўсёды. На ёй трымаецца наша грамадства, гэта прафесія творцаў будучыні.
Іншым разам цяжка зразумець, ці будзеш ты добрым настаўнікам, пакуль не паспрабуеш сябе ў гэтай справе. Магчымасць загадзя паглыбіцца ў гэтую прафесію ёсць у выпускнікоў педагагічных класаў.
Міністэрства адукацыі штогод пераглядае i зацвярджае спіс педагагічных спецыяльнасцей, пры паступленнi на якiя выпускнікі профільных класаў ці груп педагагічнай накіраванасці паступаюць ва ўніверсітэты без уступных выпрабаванняў. У ГДУ імя Францыска Скарыны гэта наступныя спецыяльнасці: “Сацыяльная педагогіка”, “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Геаграфія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Беларуская мова і літаратура. Замежнай мовая (англійская)” , “Руская філалогія” (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць), “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская, кітайская)”, “Фізічная культура”.
— У пачатку красавіка ў ГДУ прайшло дзяржаўнае размеркаванне. Кожнаму хапіла месца?
— Сёлета “пуцёўкі” на свае першыя працоўныя месцы атрымалі 516 хлопцаў і дзяўчат. Восем выпускнікоў платнай формы навучання таксама пажадалі размеркавацца, атрымаць першае працоўнае месца і статус маладога спецыяліста.
Месцаў для размеркавання хапіла ўсім, засталіся нават незадаволеныя заяўкі наймальнікаў. Больш за тое, і пасля размеркавання працягваюць паступаць заяўкі з розных арганізацый з просьбай размеркаваць да іх нашых выпускнікоў. Маладыя людзі ў сваю чаргу хвалююцца, якімі будуць іх першыя крокі ў прафесіі, як складуцца адносіны ў калектыве, якую заработную плату яны будуць атрымліваць.
— Дзе працуюць маладыя спецыялісты — выпускнікі ўніверсітэта?
— Выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей працуюць пераважна ва ўстановах адукацыі Гомеля і вобласці, ва ўстановах адукацыі іншых абласцей, ва ўніверсітэтах. Маладыя IT-спецыялісты размяркоўваюцца ў такія буйныя арганізацыі, як ЭПАМ Сістэмз, ІВА-Гомель-Парк, ТАА “Эрнст энд Янг Дзіджытал” (Мінск) і інш. Выпускнікі вытворчых спецыяльнасцей працуюць на прадпрыемствах “Гомсельмаш”, “Інтэграл” (Мінск), “Газпрам трансгаз Беларусь” і ў іншых арганізацыях.
— Колькі каштуе адукацыя ў найбуйнейшым універсітэце Гомельшчыны для тых, хто сам аплачвае навучанне? Якая прадугледжана сістэма зніжак?
— Кошт навучання для грамадзян Беларусі сёлета складае ў сярэднім 2621,05 руб. за год на дзённай форме навучання і 1261,56 руб. — на завочнай форме. Зніжкі студэнтам устанаўліваюцца двойчы на год па выніках экзаменацыйных сесій. У бягучым навучальным годзе зніжкі па аплаце за навучанне былі прадастаўлены 455 студэнтам, у тым ліку 8 замежным грамадзянам, — гэта 10% ад агульнай колькасці тых, хто вучыцца на платнай аснове.
— Ігар Валянцінавіч, на ваш погляд, ці варта ехаць за вышэйшай адукацыяй у сталіцу ці ў суседнюю Расію? Чым можа прывабіць абітурыентаў рэгіянальны ўніверсітэт?
— Хачу адзначыць, што, паводле даных сусветнага навуковага рэйтынгу Webometrics, ГДУ імя Францыска Скарыны трывала ўваходзіць у 4 тысячы найлепшых універсітэтаў свету і займае 4-е месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. І гэта вельмі значны паказчык якасці адукацыі!
Акрамя таго, на карысць ГДУ сведчыць побытавы бок пытання. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Тым больш што з развіццём інфармацыйных тэхналогій межы сціраюцца: седзячы ў Гомелі перад камп’ютарам, можна працаваць на любую сусветную кампанію. Гомельскім дзяржаўным універсітэтам падпісана 187 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі замежных краін, што дазваляе нашым студэнтам атрымліваць рознабаковую падрыхтоўку.
Асабіста я лічу, што не так важна геаграфічнае размяшчэнне ўстановы адукацыі, як імкненне студэнта стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, жаданне навучыцца прымяняць і ўдасканальваць веды ў любых жыццёвых абставінах. Калі ў маладога чалавека ёсць намер стаць прафесіяналам сваёй справы, у яго ўсё атрымаецца незалежна ад месца знаходжання ўніверсітэта.
Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.