БДУ чакае гасцей

У Беларускім дзяржаўным універсітэце стартавалі ўжо традыцыйныя зімовыя дні адкрытых дзвярэй. Усе вучэбныя інстытуты і факультэты, а таксама Юрыдычны каледж і Ліцэй БДУ чакаюць у госці абітурыентаў 2018 года.


Ужо ў суботу, 23 снежня, дзверы перад абітурыентамі расчыніць хімічны факультэт. Госці змогуць атрымаць вычарпальную інфармацыю аб правілах і парадку паступлення, задаць пытанні кіраўніцтву, выкладчыкам і студэнтам, азнаёміцца з умовамі навучання. Дарэчы, зімовыя сустрэчы з абітурыентамі працягнуцца на хімічным факультэце і на канікулах. Тут будуць арганізаваны бясплатныя заняткі, прысвечаныя найбольш складаным пытанням школьнага курса па хіміі. Зараз вядзецца рэгістрацыя жадаючых.

Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій прыме гасцей 26 снежня. На наступны дзень, 27 снежня, дзевяцікласнікаў і іх бацькоў будуць чакаць у Ліцэі БДУ. Біялагічны факультэт і факультэт даўніверсітэцкай адукацыі будуць адкрыты для ўсіх 28 снежня. Астатнія інстытуты і факультэты БДУ правядуць сустрэчы з абітурыентамі ўжо пасля навагодніх свят (расклад дзён адкрытых дзвярэй ёсць на сайце ўніверсітэта).

Кожнае падраздзяленне БДУ пастаралася падрыхтаваць для абітурыентаў штосьці асаблівае. Напрыклад, на геаграфічным факультэце можна будзе наведаць унікальны, адзіны ў краіне мінералагічны музей. Фізічны факультэт прадэманструе шэраг цікавых эксперыментаў з электрафорнай машынай, апусканнем жывой ружы ў вадкі азот і лазернай ілюмінацыяй. А на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій абітурыенты змогуць пабываць у Цэнтры кіравання студэнцкім касмічным апаратам.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.