Бясконцае абітурыенцкае лета

На долю сёлетніх абітурыентаў выпала шмат выпрабаванняў. Зблытаная эпідэміяй апошняя школьная чвэрць, калі сітуацыя мянялася што­дня і давялося нямала хвалявацца і пра здароўе, і пра вучобу, і пра выніковыя адзнакі. Адмененыя выпускныя ўрачыстасці, пра якія адзінаццацікласнікі марылі год ці нават больш, — эпагей школьнага сталення, калі яскрава разумееш, што стаў дарослым (сёлетнія выпускнікі пайшлі ў дарослае жыццё, не станцаваўшы рытуальнага вальса і не сустрэўшы таямнічага світання). Перанесеныя амаль на два тыдні тэрміны ЦТ і ўсёй уступнай кампаніі — а гэта значыць на два тыдні падоўжаныя перажыванні. Лета — тое цудоўнае лета, калі паступіў і можна з палёгкай выдыхнуць, — для сёлетніх абітурыентаў наступіць толькі ў сярэдзіне жніўня.

Зараз яны ў пачатку свайго абітурыенцкага марафону. Наперадзе — цэнтралізаванае тэсціраванне, нясцерпнае чаканне вынікаў, канчатковы выбар спецыяльнасці ўжо на аснове атрыманых балаў, падача дакументаў і зноў чаканне… Вось такое яно — бясконцае абітурыенцкае лета!

Гледзячы на гэтых прыгожых разумных дзяцей, так хочацца, каб у іх усё атрымалася. Каб гэтае лета-2020, калі ім даводзіцца не па ўзрос­це шмат праца­ваць і перажываць, стала для іх паспяховым. Каб іх старанні, хваляванні, мары былі ўзнагароджаны жаданымі студэнцкімі білетамі — квіткамі ў неверагоднае ўніверсітэцкае жыццё.

Выпускніца гімназіі з беларускай мовай навучання №23 Мінска Мілена Гілевіч.

25 чэрвеня ў краіне стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне. У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй гэты этап уступнай кампаніі зрушыўся амаль на два тыдні.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы ўсіх удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання — і абітурыентаў, і адказных арганізатараў. Так, значна павялічана колькасць аўдыторый, дзе будуць прахо­дзіць іспыты: для правядзення ЦТ падрыхтавана амаль 8,3 тысячы аўдыторый (летась — 5,1 тысячы). Гэта дазволіць абмежаваць колькасць абітурыентаў у асобных памяшканнях і карпусах і забяспечыць іх рассадку на бяспечнай дыстанцыі.

Дзеля камфорту абітурыентаў, тэсціраванне па самых масавых прадметах — рускай мове і матэматыцы — будзе праходзіць у два дні. Тыя, хто атрымаў пропускі да таго, як быў зацверджаны новы графік ЦТ, павінны кіравацца табліцай адпаведнасці дат на сайце РІКВ. Напрыклад, іспыт па рускай мове з 15 чэрвеня перанесены на 26-е. Абітурыенты, якія атрымалі пропускі згодна з новым графікам, будуць здаваць рускую мову 27 чэрвеня.

Час пачатку цэнтралізаванага тэсціравання (у тым ліку ў рэзервовыя дні) — а 11-й раніцы.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў рэкамендуе абітурыентам прыбыць у пункт тэсціравання не пазней чым за 30 мінут да пачатку іспыту. Пры сабе трэба мець зарэгістраваны пропуск, дакумент, які свед­чыць асобу, і гелевую або капілярную ручку з чорным чарнілам. На ЦТ па фізіцы і хіміі дазваляецца непраграмуемы калькулятар, які не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі. Праносіць у аўдыторыю, дзе праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, любыя іншыя прадметы забаронена! Абітурыенты, якія парушаюць гэтае патрабаванне, адхіляюцца ад удзелу ў ЦТ.

На шчасце, моладзь з кожным годам усё больш дысцыплінаваная, вельмі рэдка трапляюцца “смельчакі”, якія праносяць у аўдыторыю мабільныя тэлефоны або шпаргалкі. ЦТ — дакладна не той выпадак, калі трэба бяздумна рызыкаваць.

Абітурыенты, якія прапус­цяць цэнтралізаванае тэсціраванне па ўважлівых прычынах (хвароба ці іншыя непрадбачаныя сітуацыі, пацверджаныя дакументальна), змогуць здаць іспыты ў рэзервовыя дні: 19, 21 і 23 ліпеня.

Для гэтага трэба папярэдне (з 12 па 17 ліпеня) перарэгістравацца ў адным з пунктаў: БДУ, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога. У адрозненне ад мінулых гадоў, калі ЦТ у рэзервовы дзень для абітурыентаў з усёй краіны праводзіў толькі БДУ, сёлета іспыты можна будзе здаць у любым з адзначаных універсітэтаў.

Выдача сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання пачнецца 24 ліпеня (калі ЦТ праходзіла ў рэзервовыя дні — з 29 ліпеня).

Жадаем абітурыентам поспехаў!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.