Час для роздуму і прыняцця рашэнняў

Учора завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Апошняе абнаўленне інфармацыі пра колькасць пададзеных заяў і балы абітурыентаў універсітэты зрабілі ў 15 гадзін. Зразумела, што да канца дня многія лічбы маглі змяніцца. Але што тычыцца большасці гуманітарных, медыцынскіх і ІТ-спецыяльнасцей, то ўжо зараз можна сказаць: там мае месца даволі высокі конкурс. У шэрагу выпадкаў прахадныя балы складаюць 350 і вышэй.

Сёлета прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання доўжыўся цэлы тыдзень. Цікава, што вялікі наплыў абітурыентаў ва ўніверсітэтах адзначалі ў першыя дні — гэта, як правіла, уладальнікі высокіх балаў, якія загадзя ведаюць, куды паступаць, і не марудзяць з падачай дакументаў.
Аднак многія абітурыенты (асабліва з невысокімі баламі) адклалі падачу дакументаў на апошні момант. Яны ўважліва вывучалі конкурсы і прахадныя балы, каб з найбольшай верагоднасцю паступіць на бюджэтнае навучанне. Пасля апошняга абнаўлення інфармацыі, якое ўніверсітэты зрабілі ў 15 гадзін, даволі спакойная атмасфера ў прыёмных камісіях змянілася значным ажыўленнем. Для абітурыентаў настаў дэдлайн: неабходна было прымаць канчатковае рашэнне. Трэба спадзявацца, што яны ўсё ж такі “ўгадалі” і будуць залічаны на тыя спецыяльнасці, якія выбіраліся імі ў сумненнях і пакутах.
Пры тым што конкурсная сітуацыя ва ўстановах адукацыі ў цэлым была спакойнай, на некаторыя спецыяльнасці конкурс і прахадныя балы былі надзвычай высокімі. Напрыклад, у БДУІР на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” прахадны бал на момант апошняга абнаўлення складаў 361 — і гэта пры тым, што набіраюць 70 чалавек! На спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” прахадны бал — 370 (пры наборы 50 чалавек). Уяўляеце, якія прыйдуць першакурснікі?! З такімі можна будзе горы зрушыць.
Вядома, што конкурсы і прахадныя балы ў БДУІР вызначаюцца па першай спецыяльнасці, указанай абітурыентамі ў іх заявах. А паколькі многія ўказалі не адну, а больш (дазваляецца пазначыць хоць усе 34 у парадку прыярытэту), то абітурыенты з высокімі баламі, якія не паступілі на першую, будуць залічаны на другую ці трэцюю спецыяльнасць са свайго спіса. І ў гэтым вялікая перавага БДУІР — людзі з высокімі баламі абавязкова будуць залічаны ва ўніверсітэт.
Што тычыцца нізкіх конкурсаў і недабораў, якія адзначаліся ўчора ў 15 гадзін у шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі, то, безумоўна, да канца дня сітуацыя магла змяніцца. Хаця відавочна, што абітурыенты ва ўмовах дэмаграфічнага крызісу пачынаюць занадта перабіраць. Напрыклад, на механіка-тэхналагічным факультэце БНТУ на спецыяльнасць “Металургічная вытворчасць і металаапрацоўка” на 40 бюджэтных месцаў было пададзена ўсяго12 заяў (балы абітурыентаў — ад 91 да 180). На жаль, юнакі сталі ўсё радзей выбіраць мужчынскія спецыяльнасці, высокапрыбытковыя і запатрабаваныя, у трэндзе белыя каўнерыкі.
Зрэшты, пра конкурсы і прахадныя балы на бюджэтныя месцы дакладна можна будзе казаць на наступным тыдні, пасля таго як установы адукацыі прааналізуюць сітуацыю.
Паводле Правіл прыёму, залічэнне на бюджэтную форму навучання павінна завяршыцца да 25 ліпеня, хаця, як паказвае практыка, многія ўніверсітэты спраўляюцца раней. Калі ў выніку залічэння на пэўныя спецыяльнасці застануцца вакантныя месцы, то магчыма правядзенне дадатковага набору. Дарэчы, у мінулым годзе пры дадатковым наборы прахадныя балы на многія спецыяльнасці істотна выраслі ў параўнанні з асноўным.
Абітурыенты, якія не паступяць ва ўстановы вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту, могуць падаць дакументы на платную форму навучання. Улічваючы сёлетнюю дэмаграфічную сітуацыю, можна меркаваць, што на ўмовах аплаты будуць залічаны ўсе, хто пераадолеў вызначаную планку на ЦТ. Малаверагодна, што тут будзе конкурсная сітуацыя.
Калі абітурыенты нацэлены на атрыманне канкрэтнай спецыяльнасці і хочуць вучыцца толькі на ёй, то, безумоўна, ім варта паступаць на платнае навучанне. Але калі ў марах менавіта вышэйшая адукацыя без прывязкі да пэўнай спецыяльнасці, то варта звярнуць увагу на іншыя ступені адукацыі — сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную.
Сёння прафесійная адукацыя трывала заняла сваю нішу на рынку працы. Чалавек, які ўмее працаваць і галавой, і рукамі, вельмі цэніцца на сучасных высокатэхналагічных вытворчасцях і ў іншых сферах. Атрымаўшы добрую прафесію і вопыт работы, можна і ва ўніверсітэт паступіць, толькі гэта будзе ўжо свядомы выбар, з разуменнем таго, навошта вучыцца і дзе прымяняць атрыманыя веды.
Дарэчы, учора пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.