Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — сапраўдны навукова-адукацыйны цэнтр Магілёўскай вобласці. Тут гарманічна спалучаюцца кансерватыўнасць класічнай адукацыі і інавацыйнае развіццё. Пра тое, у якім кірунку развіваецца ўніверсітэт, нам расказаў рэктар, доктар тэхнічных навук, прафесар Міхаіл Яўгенавіч ЛУСЦЯНКОЎ.
— Міхаіл Яўгенавіч, раскажыце, што ўяўляе сабой Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.
— Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — гэта 8 факультэтаў, каледж, агульнаадукацыйны ліцэй, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Ва ўніверсітэце вучацца каля шасці тысяч студэнтаў. Падрыхтоўка кадраў вядзецца па разнастайных спецыяльнасцях і спецыялізацыях як па беларускіх, так і па расійскіх адукацыйных праграмах. Навучанне студэнтаў ажыццяўляе дасведчаны, высокапрафесійны педагагічны калектыў. Звыш 190 выкладчыкаў маюць навуковую ступень.
— Нягледзячы на складанасці апошніх гадоў, у БРУ ніколі не ўзнікала праблем з абітурыентамі. Як удаецца дасягнуць такіх вынікаў?
— Паслядоўнасць працэсу падрыхтоўкі спецыяліста можна забяспечыць толькі ў сістэме, падпарадкаванай прынцыпу пераемнасці, паэтапнасці, бесперапыннасці навучання. У структуры ўніверсітэта дзейнічаюць агульнаадукацыйны ліцэй, каледж, дзе можна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Акрамя гэтага, асаблівую ўвагу мы ўдзяляем прафарыентацыі. Істотную ролю ў арганізацыі гэтай работы адыгрывае факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які забяспечвае цэласнасць працэсу прафарыентацыі, вядзе адбор і падрыхтоўку моладзі са схільнасцямі да прафесійнай дзейнасці і навуковай творчасці ў адпаведнасці з профілем універсітэта. На падрыхтоўчых курсах маладыя людзі набываюць дастатковыя веды для паступлення, набліжаюць узровень сваёй падрыхтоўкі да патрабаванняў уступных іспытаў.
На вядучых прадпрыемствах Магілёва дзейнічаюць 11 філіялаў універсітэцкіх кафедр. Непасрэдна на вытворчасці праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі. Гэта дазваляе пазбегнуць акадэмічнай адарванасці студэнтаў ад рэальных вытворчых працэсаў і зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай.
Мы актыўна ажыццяўляем рознабаковыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы: праводзім дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі па факультэтах і вучэбных лабараторыях, перыядычна выязджаем у сярэднія навучальныя ўстановы. Не так даўно арганізавалі для навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў універсітэцкія суботы: у шосты дзень тыдня для школьнікаў ва ўніверсітэце працуюць гурткі па робататэхніцы, электроніцы, праграмаванні.
Сёлета мы зрабілі ўпор на дыстанцыйныя формы інфармавання патэнцыяльных абітурыентаў. Навучэнцам большасці школ рэгіёна разаслалі прафарыентацыйныя буклеты, якія дазваляюць атрымаць максімальна поўную інфармацыю пра Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Зараз актыўна выкарыстоўваем інфармацыйныя магчымасці ўніверсітэцкага сайта і нашых афіцыйных старонак у сацыяльных сетках для прафарыентацыйнай работы ў анлайн-фармаце.
— Адукацыйныя тэхналогіі хутка мяняюцца, перыядычна з’яўляецца нешта новае, сучаснае, эфектыўнае. Як рэагуе на такія змены ўніверсітэт?
— Вучэбны працэс ва ўніверсітэце ажыццяўляецца ў інавацыйным рэжыме. Мы пастаянна працуем над паляпшэннем якасці навучання, адукацыйнага асяроддзя, укараненнем інавацыйных тэхналогій і даследчых методык новага пакалення. Сёння актыўна развіваецца дыстанцыйнае навучанне, існуе модульна-рэйтынгавая сістэма кантролю ведаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляем практыка-арыентаванаму навучанню, што ажыццяўляецца праз стварэнне філіялаў вучэбных кафедр на вядучых прадпрыемствах Магілёва. Ужо дзейнічаюць 11 філіялаў. Непасрэдна на вытворчасці праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі. Гэта дазваляе пазбегнуць акадэмічнай адарванасці студэнтаў ад рэальных вытворчых працэсаў і зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай.
— БРУ называюць рэгіянальным цэнтрам адукацыі і навукі. Наколькі гэта абгрунтавана?
— Сапраўды, наш універсітэт функцыянуе па прынцыпе адзінства адукацыі і навукі. Больш за тое, навуковая работа з’яўляецца адным з галоўных кірункаў дзейнасці ўніверсітэта.
Мы ўсяляк імкнёмся прыцягваць да навукі моладзь. У гэтым вялікая заслуга выкладчыкаў, бо толькі той педагог, які актыўна займаецца навуковымі даследаваннямі, сваім энтузіязмам можа заахвоціць студэнта, далучыць яго да пошуку новых рашэнняў. У Беларуска-Расійскім універсітэце такія выкладчыкі ёсць. Дзякуючы ім, мы актыўна папулярызуем навуковую дзейнасць сярод не толькі студэнцкай, але і вучнёўскай моладзі. З гэтай мэтай ужо не адзін год праводзім Магілёўскі фестываль навукі. Для яго ўдзельнікаў традыцыйна арганізуем насычаную праграму: выставы навуковых дасягненняў, агляды маладзёжных навуковых даследаванняў, алімпіяды, інтэлектуальныя конкурсы, семінары, лекцыі ад вядучых навукоўцаў. Усё гэта далучае моладзь да навукі.
Вельмі пашырыў магчымасці для заняткаў навукай праект Саюзнай дзяржавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій”. У рамках рэалізацыі праекта і на ўласныя пазабюджэтныя сродкі мы абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу: закупілі ўнікальнае абсталяванне, развілі лічбавае асяроддзе ўніверсітэта. Гэта паўплывала на павышэнне якасці адукацыі, развіццё навуковай думкі сярод выкладчыкаў і студэнтаў.
Усе спецыяльнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта запатрабаваны эканомікай рэгіёна і краіны, што вельмі заўважна падчас размеркавання. Колькасць заявак на спецыялістаў звычайна перавышае колькасць выпускнікоў.
— Якія перавагі для будучага развіцця атрымаў універсітэт ад рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы?
— Дзякуючы праекту, у нас з’явіліся разнастайныя ліцэнзійныя праграмныя комплексы, што дазваляе вучыць студэнтаў з улікам апошніх адукацыйных тэндэнцый. Так, праграмнае забеспячэнне ANSYS, SOLIDWORKS Premium дапамагае студэнтам засвойваць сучасныя метады праектавання, праводзіць спецыялізаваныя інжынерныя даследаванні на аснове аналізу лічбавых 3D-мадэлей.
Набыццё робататэхнічнага комплексу зваркі дазволіла адкрыць вучэбна-эксперыментальную лабараторыю па плазменных, тэрмамеханічных і зварачных тэхналогіях. Акрамя таго, мы абсталявалі два новыя інжынерныя камп’ютарныя класы, закупілі мультыборды і 3D-праектары. Новае праграмнае забеспячэнне з’явілася таксама ў інжынірынгавым цэнтры SimTech. Асаблівы наш гонар — лабараторыя адытыўных тэхналогій, дзе ёсць прафесійны парашковы 3D-прынтар па метале Shining EP M250, які працуе па SLM-тэхналогіі. Такога абсталявання ў краіне адзінкі. Шмат перспектыў адкрывае новая мнагапрофільная лабараторыя, абсталяваная станкамі з лічбавым праграмным кіраваннем.
Новы корпус з сучаснымі вучэбна-эксперыментальнымі лабараторыямі паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак. Тэматыка даследаванняў вельмі разнастайная. У спецыялізаваных навуковых школах вядуцца распрацоўкі па стварэнні і ўдасканаленні канструкцый, матэрыялаў, механізмаў і прывадных сістэм, энергаэфектыўных тэхналогій. Важна, што большасць распрацовак з’яўляецца не толькі на паперы, але і актыўна ўкараняецца на беларускіх і замежных прадпрыемствах.
— Вытворчасць імкліва развіваецца. Установам адукацыі трэба паспяваць за рэаліямі часу, каб рыхтаваць кадры, сапраўды патрэбныя эканоміцы…
— Мы сочым за развіццём рынку працы і стараемся ўлічваць змены, якія там адбываюцца. Сёння ўсе спецыяльнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта запатрабаваны эканомікай рэгіёна і краіны, што вельмі заўважна падчас размеркавання. Колькасць заявак на спецыялістаў звычайна перавышае колькасць выпускнікоў. Многія з іх прыходзяць на размеркаванне з рэкамендаваным месцам працы.
Сваёй асноўнай задачай мы бачым падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў з улікам сучасных патрабаванняў і перадавых тэхналогій. Зараз патрабуюцца кадры для інавацыйнай эканомікі, і мы гэта ўлічваем. Амаль штогод ва ўніверсітэце адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Так, летась мы пачалі навучанне па спецыяльнасцях “Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні і вытворчасці)”, “Электронны маркетынг”. Сёлета аб’яўлены набор на дзве новыя спецыяльнасці бакалаўрыята — “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” і “Замежнае рэгіёназнаўства”. Таксама адкрыты новыя напрамкі падрыхтоўкі на ўзроўні магістратуры па расійскіх адукацыйных праграмах — “Мехатроніка і робататэхніка”, “Фінансы і крэдыт”.
Адметна, што гэтыя спецыяльнасці маюць не проста прыгожыя сучасныя назвы — яны адкрываюць шырокія перспектывы для працаўладкавання выпускнікоў. Напрыклад, студэнты спецыяльнасці “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” атрымаюць веды ў галіне адытыўных тэхналогій, канструявання і вытворчасці машынабудаўнічых вырабаў з палімерных, металічных і іншых матэрыялаў. Яны стануць спецыялістамі па ўкараненні на прадпрыемствах новых інфармацыйных тэхналогій
3D-друку і сучасных падыходаў да вытворчасці вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій.
Сацыяльна-гуманітарны напрамак падрыхтоўкі па расійскіх адукацыйных
праграмах “Замежнае рэгіёназнаўства” новы для нашага ўніверсітэта. Мы будзем рыхтаваць
спецыялістаў, здольных забяспечваць дыпламатычныя, знешнеэканамічныя і іншыя кантакты
з рэгіёнам спецыялізацыі, ацэньваць, аналізаваць і даследаваць рэсурсы
і магчымасці гэтага рэгіёна, яго сувязі з Расіяй і
Беларуссю, арганізоўваць
PR-службы, рыхтаваць выставы, прэзентацыі, інфармацыйныя буклеты, рэкламныя праспекты для прадстаўлення інтарэсаў айчынных прадпрыемстваў за мяжой. Згаданая
спецыяльнасць — новы крок у развіцці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Новы корпус з сучаснымі вучэбна-эксперыментальнымі лабараторыямі паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак. Тэматыка даследаванняў вельмі разнастайная. Важна, што большасць распрацовак з’яўляецца не толькі на паперы, але і актыўна ўкараняецца на беларускіх і замежных прадпрыемствах.
Мы і далей будзем маніторыць рынак працы, эканамічныя тэндэнцыі і, калі трэба, пашырым шэраг ужо існуючых спецыяльнасцей. Так, у наступным годзе плануем адкрыць спецыяльнасць “Прыкладная матэматыка”.
— Якія перспектывы развіцця Беларуска-Расійскага ўніверсітэта вы бачыце?
— Наш універсітэт дынамічна развіваецца па многіх напрамках, і спыняцца мы не збіраемся. Ёсць шмат цікавых задум і праектаў: удасканаленне зместу і якасці адукацыі, усебаковае развіццё навуковых даследаванняў, далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Мы мэтанакіравана імкнёмся стаць вядучай установай вышэйшай адукацыі ўсходняга рэгіёна Беларусі і памежных рэгіёнаў Расіі.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.