Яны мараць пра шчасце цэлага свету, раўняюцца на блізкіх людзей, параўноўваюць сябе з персанажамі дзіцячых казак і вераць, што свет мяняюць летуценнікі. Усё гэта пра фіналістаў рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года”. Хлопцы і дзяўчаты, улюбёныя ў свае факультэты і захопленыя творчасцю, расказваюць пра матывацыю паспяваць усюды і прэзентуюць выбраныя спецыяльнасці будучым абітурыентам.
“Дабрыня ў мяне ад Золушкі, аптымізм — ад Карлсана, знаходлівасць ад Зайца з мульціка “Ну, пачакай”, — малюе свой партрэт чацвёртакурсніца факультэта кіравання працэсамі перавозак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Даша Гелец. Яна простая, адкрытая дзяўчына з абвостранай добрасумленнасцю, якая бязмежна любіць жыццё і натхняецца людзьмі.
“Мару пра вялікае, не бегаю ад праблем і веру ў дабро. Цаню шчырасць і жывыя эмоцыі. Заўсёды слухаю сэрца (таму, магчыма, калі-нікалі памыляюся), але ніколі не губляю веры, што і адрознівае мяне ад іншых. Стараюся знаходзіць прыгажосць ва ўсім і ў складаных сітуацыях заставацца аптымісткай”, — прадстаўляецца дзяўчына.
Даша адразу была пераканана, што БелДУТ — універсітэт, дзе яна зможа рэалізаваць сябе як у асобасным, так і ў навуковым плане. Як чалавеку, якому цяжка ўседзець на месцы, ёй хацелася сумясціць свой творчы патэнцыял з уменнем рацыянальна думаць. Усё гэта яна знайшла ў спецыяльнасці “Транспартная лагістыка (чыгуначны транспарт)”. Цяпер чацвёртакурсніца стараецца нестандартна падыходзіць да вырашэння задач па вучобе, што робіць іх значна цікавейшымі.
“Лагістыка зараз актуальная як ніколі. І перавозкі таксама заўсёды былі і будуць. Мы спецыялізуемся на чыгуначным транспарце, больш паглыблена вывучаем інфармацыю ў гэтым напрамку, — тлумачыць студэнтка. — Каб у будучыні нешта каардынаваць, трэба ведаць, як гэта працуе знутры. Для набыцця прафесіяналізму трэба прайсці шлях з самых нізоў. Мяне гэта не пужае, я гатова”.
Дар’я расказвае, што гады вучобы навучылі яе знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, бо сталі “добрай праверкай на трываласць”. Часта яна адкрывала ў сабе незнаёмыя якасці менавіта тады, калі і падумаць не магла, што можа справіцца з задачай.
“Час вучобы — каласальны вопыт зносін з рознымі людзьмі. Навуковыя праекты, курсавыя работы, канферэнцыі — гэта таксама зацягвае. Былі і адмоўныя моманты, але дзе іх няма? Гэта шалёны рытм жыцця, бо час праносіцца незаўважна, — разважае Даша. — Ці буду я рэкамендаваць сваю спецыяльнасць? Заўсёды! Таму што тут не абмяжоўваюць, даюць усё, што трэба для таго, каб ты рабіў, ствараў, прыдумляў. І варта толькі чалавеку загарэцца ідэяй — больш ён не выберацца з такога насычанага тэмпу”.
Удзел у конкурсе для Дашы як дзіцячая мара: яна шмат пра яго думала, але не адважвалася. Нават паспела вырашыць для сябе, што трэба дзейнічаць, але паспела забыцца. Пра жаданне нагадала намеснік дэкана: тут дзяўчына не змагла адмовіць у першую чаргу сабе.
“Больш такой магчымасці не будзе, Даша, дзейнічай”, — думаю. І мой унутраны перфекцыянізм не дазваляў рабіць не на ўсю моц. Старалася дзейнічаць так, як падказвала сэрца. Была сабой, гаварыла пра тое, што важна для мяне і пра што нярэдка забываюць: пра любоў, веру, мару, прыгажосць у простым. І гэтая гісторыя аказалася даўжэйшай, чым я магла сабе ўявіць спачатку, — успамінае чацвёртакурсніца. — Дагэтуль не магу асэнсаваць, што гэта адбываецца са мной. Калі выходзіш на сцэну, не страшна, больш адказна. Разумееш, што за табой не толькі БелДУТ, а ўся Гомельшчына. А побач — мая каманда і сям’я. Людзі, якіх ты не можаш падвесці, тыя, з кім можна рухаць горы”.
Па словах дзяўчыны, калі б у яе была чароўная палачка, яна б вылечыла страшныя хваробы па ўсім свеце і прывіла б людзям жаданне берагчы планету. Магчыма таму на пытанне, якім магло б быць кіно пра яе, Дар’я адказвае: “Пяшчотнае і добрае, напоўненае цеплынёй, любоўю і святлом. Аповед пра бязмежныя магчымасці душы і сэрца чалавека”.
Ліза Дуброўская вучыцца на трэцім курсе факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова (спецыяльнасць “Лагапедыя”). Самае вялікае яе захапленне — танцы (студэнтка на сцэне з пяці гадоў). А яшчэ дзяўчына любіць падарожнічаць, знаёміцца з новымі людзьмі і адкрываць для сябе культуру розных краін. Трэцякурсніцу натхняюць гісторыі знакамітых асоб, якія самастойна дасягнулі поспеху. Дзякуючы ім, Лізавета напаўняецца энергіяй і сіламі, а таксама матывуецца для развіцця ў далейшым. Студэнтка расказвае, што для яе важна не згубіць сябе з часам і не страціць жадання займацца любімай справай, нягледзячы на цяжкасці.
У Лізінай сям’і шмат педагогаў, але пры выбары прафесіі дзяўчына думала перарваць дынастыю. Яна любіла завіхацца з дзецьмі, прыходзіла на дапамогу, калі гэта было неабходна, але настаўніцай сябе не бачыла. Да таго ж ведала, наколькі няпростая праца педагога, і не была ўпэўнена, што справіцца з ёй. Але пасля паступлення студэнтка неаднаразова пераконвалася, што зрабіла правільны выбар.
“Для мяне мая спецыяльнасць — гэта спалучэнне некалькіх прафесій: урача, выхавальніка, псіхолага. Для таго каб стаць прафесіяналам у гэтай галіне, трэба мець мультыдысцыплінарныя веды і валодаць прафесійна-асобаснымі якасцямі. Лагапед — свайго роду будаўнік, які дапамагае дзецям пераадолець страхі, парушэнні і стаць паспяховымі людзьмі. Таму можна сказаць, што лагапед будуе будучыню”, — лічыць трэцякурсніца.
Па словах дзяўчыны, універсітэт навучыў яе выкарыстоўваць магчымасці. Форумы, канферэнцыі, конкурсы — менавіта з гэтым звязаны яе самыя насычаныя ўспаміны. Таксама тут Лізавета навучылася стрэсаўстойлівасці, бо ўніверсітэт — гэта першая прыступка дарослага жыцця.
Колькі сябе памятае, Ліза любіла атмасферу рэпетыцый і з выступленнямі амаль не расставалася. Штуршком да ўдзелу ў конкурсе “Студэнт года” для трэцякурсніцы стала падтрымка і вера любімага выкладчыка — намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта Ірыны Батура. Яна заўважыла Лізавету на першым курсе і стварыла ўмовы, каб дзяўчына змагла рэалізаваць сябе. Таму зараз, выступаючы на конкурсе, студэнтка не адчувае страху: жаданне ствараць пераадольвае боязь.
А смеласці Лізавеце не займаць, як і галоўнай гераіні мультфільма “Адважная сэрцам” — персанажу, з якім студэнтку часта параўноўваюць. Таксама абедзвюх дзяўчат аб’ядноўвае ўпартасць і тое, што фільм пра Лізу будзе такі ж насычаны, як мульцік, і напоўнены яркімі фарбамі. Кіно, якое можна будзе глядзець усёй сям’ёй, каб зараджацца энергіяй і добрым настроем.
“Конкурс прынёс мне перамогу над сабой. Гэта яшчэ адна ўзятая прыступка, новы вопыт. Пераканана, што цяпер маё жыццё, хаця б і нямнога, але зменіцца”, — падагульняе студэнтка.
Улад Макарэвіч — трэцякурснік гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Хлопец характарызуе сябе як аптымістычнага рэаліста, які змагаецца за дабрыню і беражлівыя адносіны людзей да прыроды і адно да аднаго. Студэнт пачаў спяваць у дзяцінстве. Сказаўся ўплыў музычнай сям’і: у юнака спяваюць мама і тата. Шмат артыстычных фішак пераняў у цёткі, якая вучыла пляменніка асновам сцэнічнага выканання.
“Музыка — маё ўсё. Трывогі, радасць ці туга — усё, што мяне хвалюе, так ці інакш выліваецца ў мелодыю ці вершы”, — гаворыць Уладзіслаў.
Дзякуючы спевам, хлопец пазнаёміўся з родным універсітэтам: неаднойчы прыязджаў на філалагічны факультэт як удзельнік творчых конкурсаў. Тут, дарэчы, яму парэкамендавалі прыгледзецца да выканання акадэмічных твораў (у 10 класе юнак здзівіў журы “Арыяй містара Х”), параілі паспрабаваць сілы ў Акадэміі музыкі. Але Улад хацеў сумясціць любімы занятак са стабільнай спецыяльнасцю, да таго ж бачыў сябе ў педагогіцы.
Выпускніку педагагічнага класа хацелася, каб будучая спецыяльнасць давала як мага больш магчымасцей рэалізаваць сябе ў рабоце з дзецьмі. Таму выбраў напрамак “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”. Цяпер, ведаючы жыццё свайго факультэта знутры, кажа, што не прагадаў: факультэт супаў з яго ўнутранай будовай, светапоглядам і ўспрыманнем жыцця.
“У школе мы замянялі настаўнікаў-прадметнікаў у розных класах, таму бачылі адказнасць работы педагога, яе спецыфіку. Тады я зразумеў, што настаўнік — высакародная прафесія, бо на кожным уроку ты аддаеш сябе па часцінках, стараючыся навучыць дзяцей нечаму добраму, — тлумачыць трэцякурснік. — Мая спецыяльнасць прадугледжвае больш гадзін педагогікі, мы праходзім практыку ў навучальных установах, узаемадзейнічаем са школьнікамі рознага ўзросту. Яна лепшая, бо дапамагае нам лепш разумець людзей, выбудоўваць зносіны з імі”.
Па словах Уладзіслава, да паступлення ён глядзеў на жыццё з максімалізмам. Гістфак навучыў яго імкнуцца да аб’ектыўнасці, улічваць розныя пункты гледжання. А галоўнай адметнасцю свайго факультэта студэнт лічыць тое, што кожны тут адзін за аднаго гарой. Такая зладжанасць і адзінства студэнтаў не праходзіць і пасля выпуску. Таксама гістарычны факультэт прынёс новы павеў у яго творчасць. Ва ўніверсітэце Улад працягвае займацца вакалам пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры педагогікі пачатковай адукацыі Ларысы Борсук. З педагогам трэцякурснік раіцца, як лепш падаць кампазіцыю, як можна падкрэсліць вартасці выканання і згладзіць недасканаласці.
Студэнт прызнаецца, што канкурэнцыя на адборачных турах была вялікая. Але і матывацыя ў хлопца жалезная: хацелася, каб пра гістфак БрДУ даведаліся, каб ён быў на першых пазіцыях. Ды і група падтрымкі Улада была добрай падмогай на шляху да перамогі. Калі ён перад выхадам на сцэну бачыў свой факультэт, ведаў, што выкладзецца на 150 працэнтаў.
У памкненнях хлопца можна параўнаць з галоўным чараўніком школы Хогвартс Дамблдарам (героем фільмаў пра Гары Потэра): гэты персанаж шмат ведае, дае людзям карысныя парады і змагаецца са злом. А таксама ён вельмі разумны (пра гэта падабенства сведчаць абсалютныя перамогі Уладзіслава ў інтэлектуальных конкурсах на адборачных турах). Ёсць у студэнта куміры і сярод знакамітасцей: як артыст ён раўняецца на Дзмітрыя Хварастоўскага, у аптымізме хоча быць падобным да Ніка Вуйчыча, а ў жаданні зрабіць свет лепшым — да Ілана Маска.
Кіно пра Улада Макарэвіча, на яго думку, магло б быць трагікамедыяй: крыху тужлівай, але абавязкова светлай. Хлопец тлумачыць гэта сваім успрыманнем жыцця: што б ні адбывалася, ён моцна перажывае і глядзіць на сітуацыю ў больш цёмных тонах, чым ёсць на самай справе. Аднак дадае, што без яскравых момантаў радасці ў яго фільме не абысціся.
— Кожны павінен пакінуць нешта пасля сябе. Няхай гэта будзе толькі ў кантэксце сям’і чалавека, але вельмі важна, каб яго і тое, што ён паспеў зрабіць, успаміналі добрым словам, — перакананы трэцякурснік.
Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва герояў.