Сёння дапаможнікаў для абітурыентаў — на любы густ. Скіраваць маладых людзей у моры новых зборнікаў дапамаглі прадстаўнікі дзяржаўных выдавецтваў на прэс-канферэнцыі “Уступная кампанія. Выдавецкія навінкі ў дапамогу абітурыенту”, што нядаўна прайшла ў Доме прэсы.
Выдавецтва “Вышэйшая школа”, па словах яго дырэктара Аляксандра Нячая, працуе пераважна над дапаможнікамі для сістэмы прафесійнай адукацыі. Але ёсць шэраг выданняў, якія ўжо каторы год выкарыстоўваюць абітурыенты.
Кніга Д.Парэмскай “Немецкий язык. Читаем, понимаем, говорим” накіравана на развіццё слоўнікавага запасу і фарміраванне размоўных навыкаў. Зборнік утрымлівае тэксты для чытання з практыкаваннямі да іх. Выданне дазволіць комплексна працаваць над нямецкай граматыкай як на пачатковым, так і на павышаным узроўні. Заданні практычнай часткі пададзены па ўзроўні цяжкасці практыкавання, а электронны дадатак змяшчае тэсты, якія можна выкарыстоўваць як у комплексе з кнігай, так і самастойна. Таксама карыснай можа быць кніга гэтага ж аўтара “Практическая грамматика немецкого языка”. 18-е перавыданне, па словах Аляксандра Пятровіча, лепшы доказ запатрабаванасці дапаможніка.
“Немецкий язык. Тренировочные упражнения. Для школьников и абитуриентов” (аўтар — А.Кавальчук) утрымлівае 55 заданняў, размешчаных ад простага да складанага. Практыкаванні закранаюць асноўныя граматычныя з’явы, пабудаваныя на агульнаўжывальнай лексіцы.
У дапаможніку “Английский язык. Аудиопрактикум. Для школьников и абитуриентов. С электронным приложением” (І.Панова і інш.) утрымліваецца сістэма практыкаванняў, якія дапамогуць разумець маўленне на слых. Тут можна знайсці англа-рускі слоўнік актыўна ўжывальнай лексікі, а ў гукавым электронным дадатку — матэрыял друкаванай часткі, начытаны носьбітамі мовы.
Зборнік “Русский язык. Таблицы, схемы, упражнения” (А.Долбік, В.Леановіч, В.Самковіч) раяць як даведнік, бо яго тэарэтычны блок абагульнены ў выглядзе схем і табліц. У кнізе сістэматызаваны асноўныя звесткі па лексіцы, фанетыцы, марфалогіі, арфаграфіі, сінтаксісе і пунктуацыі.
Для аматараў прыродазнаўчых навук карысным выданнем стане “Биология. Для поступающих в вузы” (Раман Заяц, Валерый Бутвілоўскі, Уладзімір Давыдаў, Ірына Рачкоўская).
— У нашых выданнях мы не спыняемся на тэстах, паколькі лічым, што любы экзамен будзе пройдзены паспяхова, калі чалавек засвоіць увесь прадметны курс, — перакананы Аляксандр Нячай.
Галоўны рэдактар выдавецтва “Народная асвета” Алена Літвіновіч звяртае ўвагу абітурыентаў на школьныя слоўнікі па прадметах, дзе школьныя веды пададзены ў сціслым і канцэнтраваным выглядзе.
Матэрыялы “Школьного словаря по физике” дазволяць выпускнікам паўтарыць і сістэматызаваць атрыманыя раней веды аб асноўных фізічных азначэннях, велічынях і з’явах. Слоўнік можа быць карысным як пры падрыхтоўцы да кантрольных работ, так і пры прапрацоўцы тэставых заданняў ЦТ. Такія ж выданні прысвечаны гісторыі Беларусі (“Школьный словарь по истории Беларуси. 6—11 классы”), рускай (“Школьный словарь словосочетаний русского языка”, “Школьный толковый словарь русского языка”) і беларускай мове (“Слоўнік сучаснай беларускай мовы” і “Слоўнік асабовых уласных імён”).
Спецыяльна для абітурыентаў падрыхтаваны двухтомнік “Химия в заданиях централизованного тестирования”. Яго асаблівасць — у раздзеленасці заданняў па частках А і В). Матэрыял дае магчымасць зразумець узровень тэсціравання мінулых гадоў, а таксама акрэсліць кола магчымых пытанняў у будучыні.
Намеснік дырэктара выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Настасся Радзікевіч спынілася на наступных выданнях:
P Н.Сачыхіна “Тесты по русскому языку. 11 клас (Ответы, комментарии, правила)”;
P Я.Шапялевіч, В.Стральчэня, Т.Максімава “Біялогія для школьнікаў і абітурыентаў”.
Кніга В.Травіна “Решение нестандартных задач по алгебре, геометрии, комбинаторике, теории графов, теории множеств” адкрывае новую серыю “Коллекция идей” і разлічана на тых, хто хоча палепшыць веды ў матэматыцы. Прыклады рашэння задач падаюцца тут у форме дыялогу паміж аўтарам і чытачом, многія з іх можна рашыць, толькі абапіраючыся на ідэі, апісаныя ў дапаможніку.
P Н.Пшанiчная “Беларуская мова. Тэсты”.
Для падрыхтоўкі да творчых субяседаванняў могуць спатрэбіцца кнігі з серыі “Сусветная калекцыя школьніка”: “Увлекательная химия”, “История мировой литературы” і “Мировая художественная культура”.
Дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна прэзентавала серыю “Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў”. У выданнях пададзены масіў ведаў, якія хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць у школе і на першых курсах універсітэтаў. Ужо можна скарыстацца тамамі, прысвечанымі фізіцы, матэматыцы, гісторыі Беларусі, свету тэхнікі, хіміі, біялогіі, беларускай мове і літаратуры.
— Важна не проста мець добрыя адзнакі пасля заканчэння школы, а выйсці з добрым багажом ведаў. Трэба не толькі пачуць інфармацыю, але і засвоіць яе, — пераканана Вольга Уладзіміраўна.
Ірына ІВАШКА.