Найлепшы спосаб вызначыцца з будучым паступленнем — наведаць універсітэт у дзень адкрытых дзвярэй. Гэта выдатны час, каб сустрэцца з выкладчыкамі, студэнтамі і нават кіраўніцтвам установы, задаць ім пытанні і атрымаць такія важныя на гэтым этапе адказы. Нездарма ў апошнюю суботу сакавіка — вельмі сонечную і цёплую — у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце сабралася так шмат народу.
Мерапрыемствы ва ўніверсітэцкім гарадку доўжыліся на працягу ўсяго дня. Кожны факультэт падрыхтаваў для абітурыентаў карысную інфармацыю пра свае спецыяльнасці, асаблівасці прыёму і навучання, а таксама працаўладкаванне пасля атрымання дыплома. Жадаючыя маглі наведаць карысныя майстар-класы, трэнінгі, лекцыі, экскурсіі. Тым, хто яшчэ не вызначыўся ці, наадварот, хацеў упэўніцца ў выбары будучай спецыяльнасці, прапаноўвалася прайсці прафарыентацыйныя тэсты.
Знайшлося месца і для забаў: для гасцей былі абсталяваны вясёлыя фотазоны і гульнявыя пляцоўкі. Студэнты дэманстравалі таленты, зладзіўшы эфектныя творчыя і спартыўныя выступленні.
Многія ацанілі крэатыўны падыход ваенна-тэхнічнага факультэта. Курсанты арганізавалі для абітурыентаў экскурсіі ў гараж ваеннай тэхнікі, жадаючыя мелі магчымасць выпрабаваць агнястрэльную зброю (вядома, пад наглядам спецыялістаў). Таксама будучыя афіцэры прадэманстравалі навыкі рукапашнага бою і стральбы. У гэты час працавала палявая кухня, і можна было пакаштаваць сапраўднай салдацкай кашы.
На фоне іншых пляцовак асабліва вылучаўся чырвоны стэнд Інстытута Канфуцыя, які дзейнічае на базе БНТУ, — адзінага ў свеце інстытута па навуцы і тэхніцы. Тут госці вучыліся знакамітай кітайскай каліграфіі і спасцігалі азы кітайскай мовы.
Зрэшты, ніводная ўніверсітэцкая пляцоўка не засталася па-за ўвагай абітурыентаў: у кожнай спецыяльнасці знайшліся прыхільнікі. Асабліва цікава было назіраць за рэакцыяй бацькоў — колішніх выпускнікоў БНТУ, якія памятаюць сваю вучобу і, як ніхто іншы, здольны ацаніць эвалюцыю ранейшых спецыяльнасцей, іх разварот у бок інфармацыйных тэхналогій і новыя перспектывы.
Так прайшоў дзень адкрытых дзвярэй у БНТУ — ярка, творча, інфармацыйна і эмацыянальна насычана і, галоўнае, карысна. Для многіх абітурыентаў і іх бацькоў, нарэшце, знайшоўся адказ на галоўнае пытанне выпускнога года — “Куды паступаць?”. І гэтае вызваленне ад сумненняў і трывог — вялікая палёгка ўсім перад выпускнымі экзаменамі ў школе і цэнтралізаваным тэсціраваннем.
Для вядучага тэхнічнага ўніверсітэта краіны, які сёлета плануе прыняць больш як 4 тысячы чалавек, такая сустрэча з моладдзю таксама мае вялікае значэнне. У наступным годзе БНТУ будзе спраўляць юбілей — 100 гадоў інжынерных пошукаў, звыш 185 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў для Беларусі і звыш 7 тысяч — для 120 краін свету.
Ва ўніверсітэце хочуць, каб сюды прыйшлі хлопцы і дзяўчаты — будучыя інжынеры, якія будуць гэтым ганарыцца.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.