Гарачая лінія для абітурыентаў

З пачатку лета ў Міністэрстве адукацыі працуе “гарачая лінія” для абітурыентаў. Ля тэлефона дзяжураць спецыялісты вышэйшай школы, якія і адказваюць на ўсе пытанні, звязаныя з уступнай кампаніяй.

За паўтара месяца на гарачую лінію паступіла амаль 400 тэлефанаванняў. Кожны званок фіксуецца, а таму вельмі лёгка прааналізаваць, якія пытанні хвалююць абітурыентаў у гэты адказны перыяд.
Вольга Валянцінаўна Нарбутовіч, супрацоўніца Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава, дзяжурыць на гарачай лініі ўжо трэці тыдзень. Працуючы ў дэканаце, ёй звыкла ўзаемадзейнічаць з вялікай колькасцю людзей і адказваць на шматлікія пытанні. Хаця, безумоўна, гарачая лінія мае сваю спецыфіку.
Вольга Нарбутовіч адкрывае журнал тэлефанаванняў, і адразу кідаецца ў вочы, што пераважная большасць людзей не называе сябе, захоўваючы ананімнасць. У графе, дзе ўказваецца, хто званіў, зверху да нізу так і напісана: “Не назваўся”. Такая вось наша спецыфічная рыса!
Мы гартаем журнал і бачым, як змест пытанняў змяняецца ў залежнасці ад этапаў уступнай кампаніі. Напачатку людзі цікавіліся, якія дакументы трэба прадаставіць у прыёмную камісію, ці захаваліся льготы для паступаючых, удакладнялі тэрміны падачы дакументаў. Зараз усё больш тэлефанаванняў пра наяўнасць вакантных месцаў ва ўніверсітэтах і дадатковы набор. Тыя, хто недабраў некалькі балаў для паступлення ў асноўным патоку, чакаюць, што атрымаюць дадатковы шанс.
Вольга Валянцінаўна гаворыць, што больш як на палову пытанняў адказы можна знайсці ў Правілах прыёму, у іншых апублікаваных дакументах і на сайтах устаноў адукацыі. Аднак бачна, што некаторыя людзі ўвогуле не чытаюць правіл, а многія з правіламі азнаёміліся, аднак “не знайшлі” там патрэбнай інфармацыі або не ўпэўнены, што дакладна зразумелі тое ці іншае палажэнне і просяць дадатковага тлумачэння.
Хаця, безумоўна, ёсць сітуацыі, дзе кансультацыя спецыялістаўсапраўды неабходна. Напрыклад, грамадзяне суседніх дзяржаў часта цікавяцца перавадной шкалой. Так, у Расіі школьная сістэма ацэньвання пяцібальная, а ў нас, як вядома, дзесяцібальная. І расіяне цікавяцца, як трэба разлічваць сярэдні бал атэстата.
Насамрэч, існуе шкала пераводу адзнак з пяці- ў дзесяцібальную сістэму: ва ўніверсітэты падаюць дакументы ў тым ліку і беларусы, якія скончылі школу ў перыяд дзеяння “пяцібалкі”. Аднак, што тычыцца замежнікаў, Вольга Валянцінаўна пераадрасоўвае іх да спецыялістаў Міністэрства адукацыі, бо могуць высветліцца і іншыя нюансы, звязаныя з паступленнем.
Шмат тэлефанаванняў адносна завочнай формы навучання: якія дакументы трэба падаваць, ці абавязкова працаваць і ці падыходзіць канкрэтная пасада для таго, каб прэтэндаваць на бюджэтнае навучанне. Многія выпускнікі гэтага года яшчэ не прыступілі да работы па размеркаванні, і ў іх пакуль няма працоўнай кніжкі, таму яны цікавяцца, як ім быць у такой сітуацыі. Вольга Валянцінаўна раіць вырашаць гэтае пытанне непасрэдна з работадаўцамі. Як правіла, работадаўцы разумеюць сітуацыю і дапамагаюць аформіць усе неабходныя дакументы ў тэрмін.
Цікавае назіранне: на гарачую лінію тэлефануюць пераважна не самі абітурыенты, а іх бацькі. Здаецца, яны непакояцца наконт паступлення значна больш, чым дзеці (зрэшты, моладзь, хутчэй за ўсё, шукае пытанні на свае адказы ў сацыяльных сетках).
Вольга Нарбутовіч расказвае, што здараюцца вельмі эмацыянальныя тэлефанаванні ад бацькоў: маўляў, дзіця добра вучылася ў школе, але атрымала нездавальняючую адзнаку на ЦТ. І хоць ніжняя планка прахадных балаў, неабходных для залічэння, ужо даўно вызначана, яны спадзяюцца, што, магчыма, штосьці зменіцца і ім дазволяць паступіць хаця б на платнае навучанне.
Спецыяліст тлумачыць бацькам, што не ўсё страчана. У тых, хто застаўся за парогам, яшчэ будзе магчымасць паступіць на вакантныя бюджэтныя месцы ў дзяржаўных ВНУ або выбраць цікавую спецыяльнасць на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, не кажучы ўжо пра прафесійна-тэхнічную. Але людзі, хай сабе з пяццю баламі, але ўсё роўна імкнуцца ва ўніверсітэт.
Што тычыцца паступлення ў канкрэтную ўстанову, на пэўную спецыяльнасць, то Вольга Валянцінаўна раіць звяртацца непасрэдна ў прыёмную камісію гэтай установы. Калі ж пытанне больш размытае, напрыклад, дзе рыхтуюць эканамістаў, то тут лагічная парада: адкрыць даведнік або зайсці на спецыялізаваны сайт для абітурыентаў і самім знайсці адказ. Усё ж такі дарослыя людзі, жывём у ХХІ стагоддзі і можам штосьці зрабіць для сябе самі, тым больш што ніякі адказ старонняга чалавека на падобнае пытанне не можа быць вычарпальным.
Цікава і тое, што хоць гарачая лінія і заяўлена як абітурыенцкая, шмат тэлефанаванняў увогуле не маюць дачынення да ўступнай кампаніі: як уладкаваць дзіця ў садок ці ў 1 клас, ці можна яшчэ паступіць у гімназію, як аднавіцца ва ўніверсітэце пасля адлічэння і г.д. Але нават такія званкі не застаюцца па-за ўвагай: Вольга Валянцінаўна пераадрасоўвае іх адпаведным спецыялістам міністэрства.
Гартаючы журнал тэлефанаванняў, разумееш, што гэта своеасаблівы зрэз грамадскай думкі ў перыяд уступнай кампаніі. Яна эмацыянальная, крыху мітуслівая, супярэчлівая, але інакш, напэўна, немагчыма: вельмі вялікі сэнс укладваецца ў паступленне (ці непаступленне). А таму, калі вы думаеце, што нейкая інфармацыя прынясе вам карысць, — тэлефануйце. Дарэчы, тэлефонны нумар гарачай лініі Міністэрства адукацыі па пытаннях уступнай кампаніі — 222-43-12.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.