Як паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, пералік найбольш запатрабаваных прафесій у апошнія гады мала мяняецца. У асноўным у дэфіцыце — рабочыя кадры.
— На сёння ў банку вакантных працоўных месцаў сталіцы больш за 20 тысяч вакансій, з іх 75—80% — менавіта для рабочых, — расказала Галіна Кулакоўская, намеснік начальніка аддзела рынка працы і арганізацыі новых працоўных месцаў.
Паводле яе слоў, па-ранейшаму вельмі запатрабаваны рабочыя ў будаўнічай сферы (муляры, маляры, бетоншчыкі, тынкоўшчыкі, слесары-сантэхнікі, падсобныя рабочыя), попыт на іх нават вырас за апошнія год-два. Вельмі востры дэфіцыт рабочых у розных галінах прамысловасці. Шмат работнікаў патрабуецца таксама ў сферы гандлю і грамадскага харчавання (прадаўцоў, афіцыянтаў, кухараў і інш.).
Калі прыводзіць прыклады далей, то ў горадзе неабходны вадзіцелі, грузчыкі, дарожныя рабочыя, рабочыя зялёнага будаўніцтва, кандуктары, кантралёры-касіры, слесары, сталяры, санітары, швеі, электраманцёры. Са спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй можна назваць выхавальнікаў, урачоў розных спецыяльнасцей, настаўнікаў, кіраўнікоў сярэдняга звяна.
Штомесяц у камітэт па працы падаюць інфармацыю аб вакансіях 1400—1600 наймальнікаў. Для іх зварот у гарадскую службу занятасці — зручны і аператыўны спосаб праінфармаваць саіскальнікаў аб вакансіях. База вакантных працоўных месцаў абнаўляецца кожны дзень і даступная для насельніцтва ў тэрытарыяльных аддзелах працаўладкавання ўпраўлення занятасці, а таксама на сайце Мінгарвыканкама.
Г.Ю.Кулакоўская падкрэслівае, што, паводле Закона “Аб занятасці насельніцтва”, любы работадавец, які самастойна не ўкамплектаваў наяўныя вакансіі на працягу двух тыдняў, абавязаны заявіць аб іх у службу занятасці.
Колькасць наймальнікаў у апошні час дастаткова стабільная, затое сярод рабочых назіраецца даволі актыўная міграцыя, якая, у сваю чаргу, бясконца правакуе дэфіцыт кадраў на прадпрыемствах і вымушае работадаўцаў зноў і зноў звяртацца ў службу занятасці. Чым растлумачыць высокую цякучасць кадраў?
— У той жа будаўнічай сферы сёння ёсць работа на аб’екце, заўтра — няма, і людзі пачынаюць шукаць работу ў іншых месцах, магчыма, за межамі краіны, — разважае Галіна Кулакоўская.
Першачарговым крытэрыем, які вызначае задаволенасць ці незадаволенасць працоўным месцам, Галіна Юр’еўна лічыць заработную плату. Тым не менш сёння саіскальнікі часта аддаюць перавагу вакансіям з умераным заробкам, калі наймальнік прадастаўляе пакет сацыяльных гарантый (пражыванне ў інтэрнаце, бясплатныя дадатковыя паслугі і інш.).
Ацэньваючы заробак па вакансіях, трэба ўлічваць і тое, што работадавец указвае сярэднюю велічыню, а плаціць звычайна дыферэнцавана — у залежнасці ад вопыту работы, разраду, адным словам, “багажу” работніка. Напрыклад, заробак муляра можа вагацца ад 2 да 6 мільёнаў.
У сувязі з апошнімі запытамі буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюць вытворчасці, арганізоўваецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых, здольных эксплуатаваць і абслугоўваць складанае тэхналагічнае абсталяванне з праграмным кіраваннем. Яшчэ адзін сучасны напрамак — падрыхтоўка аўтамеханікаў, якія займаюцца электронікай і электрыкай аўтамабіляў. Гэта вельмі высокааплатная і запатрабаваная прафесія.
— Не трэба баяцца статусу беспрацоўнага, у гэтым няма нічога саромнага. Страціць работу могуць і спецыялісты самага высокага ўзроўню — па розных прычынах. А шукаць новае месца часам лепш з дапамогай спецыялістаў, — гаворыць Галіна Кулакоўская.
Сярод зарэгістраваных у службе занятасці пераважаюць людзі з вышэйшай адукацыяй. Вялікую частку беспрацоўных складае таксама моладзь з агульнай сярэдняй адукацыяй.
Лепш на біржу працы ўсё ж такі не трапляць, а займацца любімай і, пажадана, грашовай справай. Наш сённяшні эксперт рэкамендуе абітурыентам разглядаць не тыя спецыяльнасці, якія модныя, а якія па-сапраўднаму запатрабаваны ў рэальным сектары. Прадпрыемствы зараз пачынаюць усё больш выкарыстоўваць высокатэхналагічнае абсталяванне, таму ўмовы працы рабочых могуць быць вельмі камфортнымі. А калі дабавіць сюды дастойны заробак і сацыяльны пакет… Гэтым трэба карыстацца.
Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by