Ідзе рэгістрацыя на ЦТ

Ужо амаль два тыдні доўжыцца рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне. Як паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, па стане на 12 мая зарэгістраваліся больш як 23 тысячы чалавек. Гэта прыкладна адпавядае лічбам мінулага года.

Нагадаем, рэгістрацыя на ЦТ пачалася 2 мая і бу­дзе доўжыцца па 1 чэрвеня ўключна. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй ранейшая схема змянілася. Цяпер, перш чым ехаць у пункт рэгістрацыі, абітурыенту трэба зайсці на сайт РІКВ, запоўніць заяву і зрабіць аплату праз сістэму “Разлік” (АРІП) — 2,7 рубля за адзін вучэбны прадмет. На сайце РІКВ размешчана падрабязная інструкцыя з інфаграфікай, таму разабрацца вельмі проста.

Пропуск на ЦТ абітурыент павінен забраць асабіста (з пашпартам) у пункце рэгістрацыі. Для аптымізацыі абітурыенцкіх патокаў арганізуецца электронная чарга: кожны прыязджае ў вызначаныя для яго дату і час.

Важна:

  • зарэгістравацца для праходжання ЦТ можна не больш як па чатырох вучэбных прадметах;
  • працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў;
  • прайсці ЦТ у рэзервовыя дні змогуць толькі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваны на ЦТ у асноўныя дні.

У розных гарадах краіны адкрыты 41 пункт рэгістрацыі. Мы наведаліся ў пункт, размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі ў мінулыя гады тут амаль заўсёды было мнагалюдна, то зараз ніякіх чэргаў няма. Абітурыенты не прыходзяць, як раней, вялікімі кампаніямі, класамі, а трымаюцца ўстаноўленага парадку і прынятага зараз у грамадстве сацыяльнага дыстанцыявання.

У пункце рэгістрацыі выконваюцца ўсе меры бяспекі: на сталах — антысептыкі для рук, паміж абітурыентам і рэгістратарам — ахоўны экран, спецыялісты працуюць у масках. Ад абітурыентаў нашэння маскі не патрабуецца, але многія стараюцца закрываць твары, дэманструючы сацыяльную ветлівасць.

Лізавета Лукомская выбрала пункт рэгістрацыі ў БДУІР, таму што збіраецца пасту­паць менавіта сюды. Дзяўчына доўга і складана ішла да гэтай мэты і цяпер не хоча ўпускаць свой шанс.

Беларуска па нараджэнні, па пашпарце і ў душы, Лізавета з маленства жыла ў Расіі — у далёкім Ніжневартаўску, амаль за 4 тысячы кіламетраў ад Мінска. У мінулым годзе скончыла фізіка-матэматычны ліцэй і паступіла на бясплатнае навучанне ў Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі (знакаміты ІТМО). Але, як кажа дзяўчына, “спецыяль­насць не сышлася”. Яна зразумела, што хоча зусім іншае.

У БДУІР Лізавета збіраецца вывучаць штучны інтэлект або мабільныя распрацоўкі, балазе ўніверсітэт прапаноўвае падаваць дакументы адразу на некалькі спецыяльнасцей.

— Адразу пасля 11 класа цяжка зразумець, чаго ты хочаш, — гаворыць абітурыентка. — Летась у нас у ліцэі быў вельмі моцны выпуск, але  працэнтаў 30 паступілі не туды, куды хацелі. Многія зараз вы
рашылі памяняць спецыяльнасці. Паспрабаваўшы розныя рэчы, я, нарэшце, ведаю, што мне патрэбна. Таму на наступныя 4 гады мой універсітэт — БДУІР. Спадзяюся, тут у мяне больш шансаў атрымаць неабходную мне адукацыю.

Лізавета гаворыць, што да цэнтралізаванага тэсціравання рыхтуецца самастойна.

— Нас вучылі 11 гадоў, мы назапасілі вельмі шмат ведаў, таму нічога дадатковага не трэба. Галоўнае цяпер — натрэніраваць сябе на экзамен. Я ў Расіі выдатна здала ўсе іспыты без рэпетытараў. Упэўнена, што здам і ЦТ. Калі пастарацца, правільна настроіць сябе, памятаць пра мэту, то ўсё атрымаецца, — пераканана Лізавета.

Трэці этап РТ у рэжыме анлайн

Як паведамілі ў РІКВ, у сувя­зі з эпідэміялагічнай сітуа­цыяй многія пункты правя­дзення рэпетыцыйнага тэсціравання адмянілі запланаваныя раней майскія сеансы. Зрэшты, у абітурыентаў яшчэ бу­дзе магчымасць праверыць свае веды напярэдадні ўступных выпрабаванняў. Пачынаючы з 19 мая, жадаючыя змогуць прыняць уд зел у трэцім этапе рэпетыцыйнага тэсціравання на сайце РІКВ у рэжыме анлайн.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.