Ідзе рэгістрацыя на ЦТ

У нядзелю ў Беларусі пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. У Мінску і рэгіёнах адкрыты 41 пункт рэгістрацыі, якія будуць працаваць да 1 чэрвеня ўключна.

У першыя дні ў пунктах рэгістрацыі немнагалюдна. Наперадзе амаль цэлы месяц, і абітурыенты відавочна не спяшаюцца. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, куды мы наведаліся ў панядзелак пасля абеда, з шасці столікаў для рэгістрацыі пастаянна былі задзейнічаны толькі адзін-два. 

Сёлета падаць заяву для ўдзелу ў ЦТ можна асабіста ў пункце рэгістрацыі або праз электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

На сайце РІКВ размешчаны дзве формы заявы (на рускай і беларускай мовах), інструкцыя для абітурыента і ўзор для запаўнення. Пры падачы заявы праз інтэрнэт абітурыент можа выбраць вучэбныя прадметы і пункты правядзення ЦТ (у тым ліку размешчаныя ў іншым населеным пункце), дзе можна здаць адпаведныя тэсты. Усё вельмі зручна і зразумела.

Тым, хто хоча падаць заяву для ўдзелу ў ЦТ асабіста, трэба наведацца ў адзін з пунктаў рэгістрацыі. Пры сабе неабходна мець дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца).

Калі абітурыент не можа прыйсці ў пункт рэгістрацыі па ўважлівай прычыне (хвороба, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовая камандзіроўка ці іншыя абставіны, пацверджаныя дакументальна), дакументы за яго могуць падаць законныя прадстаўнікі. Пра ўсе нюансы падачы дакументаў за непаўналетніх і дарослых ужо абітурыентаў можна пачытаць на сайце РІКВ.

Аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ (2.90 руб. за адзін прадмет) трэба ўнесці не пазней за 1 чэрвеня. Статус “аплачана” ці “не аплачана” адлюстроўваецца ў асабістым кабінеце абітурыента побач з найменнем кожнага вучэбнага прадмета. Рэгістрацыйны ўзнос робіцца праз сістэму “Разлік” (АРІП) у інфакіёсках, плацежных тэрміналах і банкаматах, разлікова-касавых цэнтрах банкаў, з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу, а таксама наяўнымі грашыма ў касах любога банка. 

Выключэнне — льготныя катэгорыі грамадзян, да якіх адносяцца інваліды, дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці са шматдзетных сем’яў і з сем’яў вайскоўцаў, работнікаў органаў МУС, якія загінулі ці сталі інвалідамі пры выкананні воінскіх і службовых абавязкаў. З гэтых абітурыентаў плата за прыём і афармленне дакументаў не спаганяецца. Яны падаюць заяву не праз электронную форму, а асабіста ў пункце рэгістрацыі на ЦТ. Пры сабе ім трэба мець дакумент, які сведчыць асобу, а таксама дакументы, што пацвярджаюць права на льготу, і іх ксеракопіі.

Пасля таго як абітурыент падаў заяву для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і заплаціў за прыём і афармленне дакументаў, ён павінен не пазней за 1 чэрвеня забраць у пункце рэгістрацыі пропускі для ўдзелу ў ЦТ. Пры сабе трэба мець дакумент, які сведчыць асобу. Працэс рэгістрацыі лічыцца завершаным толькі пасля атрымання на рукі пропускаў.

Пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар. Без выканання гэтых умоў абітурыент не зможа прыняць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні!

Да моманту, пакуль абітурыент не атрымае на рукі пропускі на ЦТ, у сваім асабістым кабінеце ён можа карэкціраваць уведзеную ім інфармацыю, мяняць набор вучэбных прадметаў, мову прадстаўлення тэста, пункты правядзення ЦТ і іншыя звесткі. 

Аднак пасля атрымання пропускаў любыя карэкціроўкі магчымы толькі пры асабістай яўцы ў пункт рэгістрацыі, дзе былі аформлены гэтыя пропускі. Пры сабе трэба мець дакумент, які сведчыць асобу.

Пункты рэгістрацыі на ЦТ працуюць з 9.00 да 19.00 у буднія дні; з 9.00 да 18.00 — у суботнія дні (15 і 29 мая).

Звяртаем увагу, што ў апошні дзень рэгістрацыя праз інтэрнэт будзе даступная да 12 гадзін. Пазней пазначанага часу 1 чэрвеня падаць заяву і зарэгістравацца на ЦТ можна будзе толькі ў пунктах рэгістрацыі да моманту іх закрыцця (да 19.00).

Каб не дапусціць перапоўненасці, пункты рэгістрацыі могуць фарміраваць электронную чаргу, што дазволіць размеркаваць абітурыентаў па часе. Таму перад наведваннем пункта рэгістрацыі варта пашукаць адпаведную інфармацыю. Усе адрасы, тэлефоны, графікі работы ёсць на сайце РІКВ.

Звяртаем увагу, што ў апошні дзень рэгістрацыя праз інтэрнэт спыняецца а 12 гадзіне. Пазней пазначанага часу 1 чэрвеня падаць заяву і зарэгістравацца на ЦТ можна будзе толькі ў пунктах рэгістрацыі да моманту іх закрыцця ў 19.00.

Абітурыенты з ліку замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой, пры падачы заявы на ўдзел у ЦТ павінны прытрымлівацца інструкцыі “Рэгістрацыя замежных грамадзян” (таксама ёсць на сайце РІКВ).

Паколькі мы наведалі пункт рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне ў БНТУ, дзелімся з чытачамі цікавай інфармацыяй пра вядучы тэхнічны ўніверсітэт краіны.

Для інфармацыйнай падтрымкі абітурыентаў у кожным пункце рэгістрацыі арганізавана работа гарачай тэлефоннай лініі, дзе адкажуць на ўсе пытанні наконт рэгістрацыі і праходжання ЦТ.

Як паведаміў першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына, на этапе рэгістрацыі абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне ў БНТУ задзейнічаны каля 40 супрацоўнікаў. Калі пачнецца ЦТ, дадаткова будуць прыцягнуты не менш як 250 чалавек. Для правядзення ўступных выпрабаванняў рыхтуюцца тры самыя вялікія корпусы, дзе можна бяспечна, з улікам санітарных норм, размясціць звыш тысячы абітурыентаў.

— Ёсць тры фатальныя памылкі, якіх ні ў якім разе нельга дапускаць абітурыентам, — заўважыў Георгій Аляксандравіч. — Нельга забываць дакумент, які сведчыць асобу, нельга спазняцца на іспыты і нельга нават спрабаваць спісаць. Гэта відавочна, але штогод два-тры такія выпадкі здараюцца, і абітурыенты мусяць адкладваць паступленне ва ўніверсітэт на наступны год. Астатнія праблемы ў большасці выпадкаў можна вырашыць. Здараецца, абітурыент згубіў, забыў ці пераблытаў пропуск — яго можна аднавіць. Галоўнае — не трэба прыбягаць на экзамен у апошні момант, калі часу ўжо амаль не застаецца. Абітурыенты павінны ведаць: уся наша каманда працуе на тое, каб іспыты прайшлі спакойна і кожны змог найлепшым чынам паказаць свае веды.

Абітурыент мае права зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ не больш чым па чатырох вучэбных прадметах уступных выпрабаванняў.

Сёлета БНТУ набірае 4438 чалавек на ўсе формы навучання, на бюджэтнае навучанне — 3087 чалавек (летась 2977). Павелічэнне набору адбудзецца за кошт будаўнічых і ІТ-спецыяльнасцей, а таксама па напрамку аўтатрактара- і машынабудавання. 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.