На крок наперадзе

Зрэшты, без асабістага візіту ў прыёмную камісію ўніверсітэта пакуль не абысціся. У вызначаныя тэрміны абітурыентам трэба будзе прынесці сюды свае атэстаты, сертыфікаты ЦТ, медыцынскія даведкі і іншыя неабходныя дакументы, а таксама паставіць асабістыя подпісы на заявах. Аднак несумненны плюс электроннай заявы ў тым, што гэты важны для абітурыента дакумент, дзе ўказваецца пералік пажаданых спецыяльнасцей, будзе запаўняцца загадзя, без чэргаў і мітусні. Гэта дазволіць абітурыентам пазбегнуць магчымых памылак і зрабіць больш свядомы выбар. Акрамя таго, наяўнасць электронных заяў істотна паскорыць работу прыёмнай камісіі.

Электронны кабінет абітурыента

Трэба адзначыць, што аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў у БДУІР паўнацэнна дзейнічае ўжо трэці год. У 2011 годзе яна была апрабавана пры залічэнні абітурыентаў на платную форму навучання. Праз год выкарыстоўвалася ўжо на ўсіх формах, і абітурыенты маглі ўказаць да пяці спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. У мінулым годзе пералік спецыяльнасцей быў пашыраны да сямі. Сёлета абітурыентам дазваляецца ўказаць любую колькасць спецыяльнасцей з тых, што ёсць ва ўніверсітэце (а гэта 34 спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю і 2 — эканамічнага).
Прарэктар БДУІР па вучэбнай рабоце і інфарматызацыі Барыс Віктаравіч Нікульшын дэманструе раздрукаваны бланк заявы, якую абітурыент павінен падаць у прыёмную камісію. Калі хтосьці сапраўды вырашыць указаць два ці тры дзясяткі спецыяльнасцей, то запоўніць такую заяву з першага разу будзе не так проста. Таму і з’явілася ідэя даць абітурыентам магчымасць загадзя запоўніць заявы і даслаць іх ва ўніверсітэт у электронным выглядзе.
“Вядома, абітурыент можа прыйсці ў прыёмную камісію, узяць тут бланк заявы і запоўніць яго, як гэта было раней, — гаворыць Барыс Віктаравіч. — Але ж мы разумеем, што калі абітурыент будзе ўказваць вялікі пералік спецыяльнасцей, то вельмі лёгка, расстаўляючы прыярытэты, прапусціць нейкую спецыяльнасць, збіцца, нарабіць памылак… Гэта б значна замаруджвала працэс, а потым яшчэ і нашым аператарам трэба было б усе пералікі ўводзіць у базу. Мы прадумалі гэтую сітуацыю і вырашылі прапанаваць абітурыентам загадзя запоўніць на нашым сайце электронныя бланкі заяў. У іх будзе даволі шмат часу, каб паразважаць і расставіць усе выбраныя спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Вельмі важна, што спецыяльнасці, якія абітурыент будзе ўносіць у свой уласны спіс, аўтаматычна будуць знікаць з агульнага пераліку, а гэта значыць, што паўторы немагчымы. Атрыманы спіс абітурыент можа шматразова пераправерыць, абмеркаваць яго з бацькамі, скарэкціраваць і адправіць нам ужо канчатковы варыянт”.
Прыёмная камісія дашле абітурыенту паведамленне, што яго заява прынята, пасля чаго будзе створана PDF-версія заявы, якая адправіцца ў электронны кабінет абітурыента. Маладому чалавеку застанецца толькі ў вызначаныя тэрміны прыёму дакументаў прыйсці ў прыёмную камісію, і калі ён нічога не перадумаў, то яму раздрукуюць яго заяву для подпісу. Калі ж абітурыент захоча ўнесці ў заяву нейкія карэктывы, гэта можна зрабіць, у любым выпадку работа прыёмнай камісіі будзе спрошчана.
Такім чынам, аператары будуць працаваць пераважна з тымі, хто не скарыстаўся магчымасцямі электроннага кабінета і не запоўніў заяву загадзя. Для самых прасунутых абітурыентаў падача дакументаў зойме літаральна некалькі хвілін.
Калі пачне працаваць электронны кабінет абітурыента? Б.В.Нікульшын гаворыць, што мэтазгодна запаўняць заявы пасля таго, як стануць вядомы вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Таму кабінет паўнацэнна пачне працаваць у другой палове чэрвеня.
Што да аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння абітурыентаў, то сёння БДУІР гатовы выкарыстоўваць яе ў карпаратыўным рэжыме — гэта калі некалькі ўніверсітэтаў аб’ядноўваюцца і праводзяць агульную прыёмную кампанію. Пры гэтым частку спецыяльнасцей універсітэты могуць пакінуць для ўнутранага конкурсу, а частку — для карпаратыўнага. І абітурыенты, прыходзячы ў адзін з універсітэтаў карпарацыі, могуць выбіраць як спецыяльнасці гэтага ўніверсітэта, так і спецыяльнасці, якія ёсць у агульным доступе.
“Я думаю, што праз год-два мы ўжо зможам ажыццяўляць такі прыём, — гаворыць Барыс Віктаравіч, — але для гэтага трэба вызначыць, хто ў такой сітуацыі павінен праводзіць залічэнне. Акрамя таго, вельмі важна, каб універсітэты, якія будуць дзейнічаць у карпарацыі, прайшлі апрабацыю нашай сістэмы, папрацавалі аўтаномна. На сённяшні дзень аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў выкары-стоўваецца ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя А.Д.Сахарава і на двух факультэтах (фізічным і матэматычным) Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Мы спадзяёмся, што сёлета да нашай сістэмы падключыцца Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Ёсць цікавасць і з боку рэгіянальных універсітэтаў. Хаця трэба сказаць, што сістэма ўкараняецца не так хутка, як мы разлічвалі”.

(2+2)+2 — формула мабільнасці

Дарэчы, выбар, які робяць абітурыенты пры паступленні ў БДУІР, не з’яўляецца канчатковым і незваротным. З 2013 года ўніверсітэт перайшоў на новую схему навучання — (2+2)+2 (чатыры гады на першай ступені і два гады — у магістратуры).
Б.В.Нікульшын патлумачыў, чаму на першай ступені менавіта 2+2: “Справа ў тым, што мы стварылі ўніверсальныя вучэбныя планы для ўсіх спецыяльнасцей, і ў першыя два гады навучання яны вельмі блізкія. Гэта зроблена для таго, каб студэнты пасля першага ці другога курса пры жаданні маглі перайсці на іншыя спецыяльнасці ці нават на іншыя факультэты. Пераход магчымы нават з эканамічнага профілю ў тэхніка-тэхналагічны (і наадварот). І ў нас ужо ёсць такія выпадкі. Напрыклад, згодна з правіламі прыёму, пераможцы алімпіяд па матэматыцы паступаюць да нас без экзаменаў толькі на эканамічны профіль, а пры паступленні на тэхніка-тэхналагічны профіль (нават на ІТ-спецыяльнасці) ім трэба здаваць ЦТ. Выкарыстоўваючы схему (2+2)+2, пераможцы матэматычных алімпіяд, якія хочуць вучыцца ў БДУІР на ІТ-спецыяльнасцях, спачатку паступаюць на інжынерна-эканамічны факультэт, а потым пераходзяць на “сваю” спецыяльнасць”.
Усё гэта магчыма дзякуючы таму, што ва ўніверсітэце добра развіты дыстанцыйныя формы навучання, і ў рамках дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій студэнты могуць прайсці сертыфікацыю па асобных дысцыплінах. Гэта значыць, што любы студэнт любой формы навучання можа звярнуцца ў дэканат факультэта бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання, выбраць пэўную дысцыпліну вучэбнага плана і вывучыць яе самастойна. Для гэтага яму будуць прадастаўлены неабходныя электронныя вучэбныя матэрыялы, а таксама цьютар, які дапаможа асвоіць курс. Пасля паспяховай атэстацыі такі студэнт можа прынесці ў дэканат свайго факультэта адпаведны сертыфікат, і яго адзнака будзе залічана.
“Калі студэнт вырашыў перайсці на іншую спецыяльнасць, ён параўноўвае вучэбныя планы, вызначае, якія дысцыпліны яму трэба прайсці, атэстоўваецца па іх і, такім чынам, ажыццяўляе задуманае, — расказвае Барыс Віктаравіч. — Прычым пераход магчымы не толькі на платныя, але і на бюджэтныя месцы, якія, на жаль, часта вызваляюцца. Па-першае, універсітэт вядомы высокай патрабавальнасцю да студэнтаў, а таму адлічэнняў даволі многа. А па-другое, значная колькасць студэнтаў пачынае будаваць кар’еру і пераходзіць з дзённай формы навучання на дыстанцыйную і завочную, вызваляючы бюджэтныя месцы”.
Што да дыстанцыйнай формы навучання, то яна дазваляе студэнтам фарсіраваць сваю адукацыю. Яны бяруць дысцыпліны наступнага года, вывучаюць іх і пераскокваюць праз курс. Б.В.Нікульшын расказвае, што ў БДУІР ёсць завочнікі і дыстанцыёншчыкі, якія заканчваюць універсітэт за 4 гады. Вядома, гэта прасунутыя студэнты, матываваныя на тое, каб хутчэй атрымаць дыплом, яны ўмеюць лічыць час і грошы і не могуць дапусціць іх марнавання.
Сёння на дыстанцыйнай форме ў БДУІР навучанне вядзецца па дзесяці спецыяльнасцях інфармацыйнага і эканамічнага профілю. Прычым гэтая форма дазваляе істотна пашыраць рынак адукацыйных паслуг. Напрыклад, у БДУІР вучацца жыхары ЗША — пакуль толькі па спе-цыяльнасці “Мабільныя сістэмы, якія праграмуюцца”, але ўжо ўлетку будзе праведзены набор і на другую спецыяльнасць — “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менаджменце)”. Адметна, што цікавасць да яе праяўляюць і беларусы, якія гатовы вучыцца на англійскай мове па той жа схеме, што і амерыканскія студэнты.
“Там практыкуецца змешаная форма: дыстанцыйная з боку БДУІР і дзённая — на базе амерыканскага ўніверсітэта-партнёра, — тлумачыць Барыс Віктаравіч. — Таму калі мы набяром групу беларусаў па згаданай спецыяльнасці, то яны таксама частку дысцыплін будуць праходзіць дыстанцыйна, а частку — дзённа. Гэта цалкам стасуецца з ідэалогіяй дыстанцыйнай формы навучання: маштаб і глыбіню выкарыстання дыстанцыйна-інфармацыйных тэхналогій вызначае сам універсітэт”.

Акадэмія CISCO — для ўсіх студэнтаў БДУІР

Вельмі важнай падзеяй, якая чакаецца ў БДУІР у новым навучальным годзе, стане стварэнне чарговага кластара Акадэміі CISCO. Мэтай праекта з’яўляецца інтэграцыя адукацыйнай праграмы CISCO ў вучэбны працэс універсітэта для прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі выкладання ІКТ-дысцыплін.
Праграма ўключае ў сябе спецыяльную адукацыйную мадэль, якая спалучае традыцыйны працэс навучання пад кіраўніцтвам выкладчыка і дыстанцыйнае засваенне матэрыялу з дапамогай найноўшых электронных тэхналогій, насычаны вучэбны план для заняткаў у класе і электроннага навучання, вучэбна-метадычны комплекс па кожным прадмеце, анлайн-экзамены. Перавагай такога навучання з’яўляецца скіраванасць на атрыманне значных практычных навыкаў, якія напрацоўваюцца ў працэсе выканання лабараторных заданняў на рэальным абсталяванні.
Кампанія CISCO стварыла для студэнтаў БДУІР высокатэхналагічныя лабараторыі, аснасціўшы іх сучасным сеткавым абсталяваннем — ІР-тэлефонамі, маршрутызатарамі, камутатарамі і сродкамі для сумеснай работы.
На сённяшні дзень у акадэміі CISCO бясплатна займаецца каля 600 студэнтаў з трох факультэтаў БДУІР: факультэта камп’ютарных сістэм і сетак, факультэта тэлекамунікацый і факультэта камп’ютарнага праектавання. Паралельна ажыццяўляецца падрыхтоўка выкладчыкаў гэтых факультэтаў для атрымання імі прэстыжнага статусу “інструктар акадэміі CISCO”.
У найбліжэйшых планах — адкрыццё акадэмій CISCO на ўсіх факультэтах БДУІР, што дазволіць з новага года залічыць у іх усіх першакурснікаў. Пасля заканчэння курсаў студэнты змогуць атрымаць прафесійныя сертыфікаты CISCO, прызнаныя ва ўсім свеце.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.