Новыя спецыяльнасці і анлайн-кансультацыі па прадметах

Што чакае абітурыентаў падчас уступнай кампаніі — 2020? Як рыхтуецца сустракаць абітурыентаў вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі Гомельшчыны — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў першы прарэктар ГДУ, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Андрэй КРУК.

— Андрэй Віктаравіч, зараз поўным ходам ідзе рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Якія дадатковыя меры бяспекі прымаюцца ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй?

— Для зручнасці абітурыентаў унесены змены ў парадак рэгістрацыі на ЦТ. Цяпер усе жадаючыя могуць зарэгістравацца, накіраваўшы заяву па электроннай пошце. Вядома, пасля ім неабходна будзе прыехаць у пункт рэгістрацыі, каб забраць пропускі. Але масавага збору людзей не будзе: для кожнага абітурыента вызначаецца канкрэтная дата і час.

Па рэкамендацыі санітарных службаў у ГДУ імя Францыска Скарыны распрацаваны дадатковыя падыходы да арганізацыі тэсціравання. У першую чаргу трымаем сацыяльную дыстанцыю, у памяшканнях устаноўлены дазатары з антысэптыкам, задзейнічана большая колькасць вучэбных карпусоў і аўдыторый.

— Ці працягнецца ў ГДУ практыка правядзення анлайн-кансультацый па вучэбных прадметах напярэдадні тэсціравання?

— Так, абавязкова. Каб дапамагчы абітурыентам сабрацца з сіламі, сістэматызаваць веды і настроіцца на працоўны лад, ва ўніверсітэце арганізаваны бясплатныя анлайн-кансультацыі па ўсіх вучэбных прадметах. Заняткі прой­дуць напярэдадні кожнага адказнага дня, іх правядуць выкладчыкі ўніверсітэта, якія маюць багаты вопыт падрыхтоўкі вучняў да ЦТ.

Гэта вельмі добрая практыка. З кожным годам кансультацыі ахопліваюць усё больш вучэбных прадметаў, якія ўваходзяць у пералік уступных выпрабаванняў. Яны дапамагаюць абітурыентам у кароткія тэрміны падрыхтавацца да ЦТ, звярнуць увагу на спрэчныя моманты, пазбегнуць тыповых памылак на экзамене. Асновай для заняткаў выступаюць тэсты дадатковага тэсціравання, змешчаныя на нашым сайце дыстанцыйнага навучання tutor.gsu.by.

— Дарэчы, Андрэй Віктаравіч, у ГДУ існуюць спецыяльнасці з дыстанцыйнай формай навучання?

— Наш універсітэт, магчыма, быў першым у Беларусі, калі ў 1999 годзе стаў выкарыстоў­ваць дыстанцыйную форму для навучання школьнікаў і студэнтаў праграмаванню. За гэтыя гады на партале, які мае таксама англамоўную версію, зарэгістравана больш за 70 тысяч карыстальнікаў з 90 краін свету. У свой час парталам карыстаўся знакаміты гомельскі праграміст Генадзь Караткевіч, а адным са стваральнікаў з’яўляецца дацэнт Міхаіл Далінскі, які падрыхтаваў дзясяткі пераможцаў і прызёраў алімпіяд па праграмаванні і быў узнагароджаны за гэтыя дасягненні медалём “За працоўныя заслугі”. Гэта ў якасці адступлення…

З 2018 года ва ўніверсітэце пачалася падрыхтоўка спецыя­лістаў першай ступені вышэйшай адукацыі на дыстанцыйнай форме — тады адбыўся першы набор студэнтаў на спецыяльнасць “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”.

— Удакладніце, калі ласка, у чым заключаюцца асаблівасці дыстанцыйнага навучання.

— Большасць заданняў выконваецца ў дыстанцыйнай форме. Лекцыі і семінарскія заняткі праводзяцца анлайн. Коль­касць дзён, якія адводзяцца на экзаменацыйную сесію, максімальна абмежавана і адпавядае колькасці прадметаў бягучай атэстацыі. Колькі залікаў і экзаменаў — столькі дзён сесіі ў сценах універсітэта.

Дыстанцыйнае навучанне ў нас вядзецца пакуль па адной спецыяльнасці, але трэба сказаць, што зараз амаль увесь вучэбны працэс ва ўніверсітэце ажыццяўляецца пры дапамозе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Электронныя лічбавыя платформы і сэрвісы дазваляюць арганізаваць інтэрактыўнае ўзаемадзеянне паміж выкладчыкамі і студэнтамі, супрацоўнікамі і абітурыентамі, заказчыкамі кадраў. У анлайн-фармаце праводзяцца і навуковыя семінары, канферэнцыі, круглыя сталы, дні факультэтаў.

— Андрэй Віктаравіч, якія новыя спецыяльнасці адкрываюцца сёлета ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце?

— Новыя напрамкі прапа­нуюць на трох факультэтах. Спецыяльнасць “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)” са спецыялізацыяй “Мультымедыйныя сістэмы і інтэрнэт-праграмаванне” можна будзе асвоіць на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання. На гістарычным факультэце ўпершыню набі­раюць студэнтаў на спецыяль­насць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)”. Плануецца далейшая работа выпускнікоў у турыстычным бізнесе з замежнымі мовамі (англійскай, нямецкай). Набор на спецыяль­насць “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” адкрыецца на філалагічным факультэце.

— Педагагічных спецыяльнасцей ва ўніверсітэце найбольш, наколькі яны запатрабаваны сярод абітурыентаў?

— Прафесія настаўніка будзе запатрабаванай заўсёды і ўсюды. Яна лічыцца даволі складанай і падыдзе далёка не кожнаму. Часта можна пачуць меркаванне, што гэта хутчэй прызванне. Часам цяжка зразумець, ці будзеш ты добрым настаўнікам, пакуль не паспрабуеш сябе ў гэтай справе. Зараз у Беларусі старшакласнікі маюць такую магчымасць: у школах ствараюцца профільныя педагагічныя класы і групы. Навучэнцы такіх класаў залічваюцца на педагагічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэты без уступных іспытаў. У ГДУ таксама ажыццяўляецца набор на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі: заключаецца дагавор паміж будучым наймальнікам, абітурыентам і ўстановай адукацыі. Тэрмін адпрацоўкі пасля заканчэння ўніверсітэта складае пяць гадоў.

Таксама без уступных іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці залічваюцца пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) трэцяга абласнога ці Мінскага гарадскога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Пры ўмове, што гэтая дысцыпліна вызначана прадметам першага профільнага іспыту. Пазбегнуць хваляванняў і ўступных іспытаў могуць таксама медалісты і тыя, хто мае дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі.

— Што тычыцца іншых, непедагагічных, спецыяльнасцей, хто мае права на льготы пры паступленні?

— Без экзаменаў залічваюцца пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Гэта пры ўмове, што абітурыент паступае на спецыяльнасць, для якой гэты прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту. Ільготамі таксама карыстаюцца пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы і астраноміі. Гэта тычыцца фізічных, матэматычных і тэхніка-тэхналагічных спецыяльнасцей на факультэтах фізікі і інфармацыйных тэхналогій, матэматыкі і тэхналогій праграмавання і спецыяльнасці “Геалогія і разведка карысных выкапняў” на геолага-геаграфічным факультэце.

Існуе яшчэ некалькі катэгорый абітурыентаў, якія маюць ільготы пры паступленні ў ГДУ. Больш падрабязна азнаёміцца з парадкам і правіламі прыёму можна на сайце ўніверсітэта ў раздзеле “Абітурыентам”.

— ГДУ ўваходзіць у пяцёрку лепшых універсітэтаў Беларусі па версіі рэйтынга Webometrics. Якія магчымасці адкрываюцца перад абітурыентамі, якім пашчасціць паступіць у ГДУ?

— У структуры ўніверсітэта — 12 факультэтаў, 43 кафедры, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Цэнтр інжынернай адукацыі, аховы працы і прамысловай бяспекі. З 2017 года функцыянуе Інстытут Канфуцыя. У кастрычніку 2019 года ва ўніверсітэце адкрылася школа дзюдо алімпійскага чэмпіёна Ігара Макарава.

ГДУ валодае добрай матэрыяльнай базай, на кожным факультэце ёсць сучасныя лабараторыі, аўдыторыі, абсталяваныя сучаснай камп’ютарнай тэхнікай, сродкамі навучання: мультыбордамі, інтэрактыўнымі дошкамі. У вучэбных карпусах дзейні­чаюць бясплатныя Wi-Fi кропкі, устаноўлены капіравальныя робаты. Студэнцкі клуб прапануе першакурснікам стаць удзельнікамі разнастайных творчых калектываў. Усе жадаючыя атрымліваюць месца ў інтэрнаце.

— Адзін з важных паказчыкаў паспяховасці ўніверсітэта — міжнародная дзейнасць. Як развіваецца акадэмічная мабільнасць?

— Ва ўніверсітэце дзейнічае больш за 150 дагавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі, нашы міжнародныя кантакты з году ў год пашыраюцца. Універсітэт наведваюць дзясяткі замежных дэлегацый. Актыўна супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі Кітая, Германіі, Японіі, Казахстана, Польшчы, Расіі, Швецыі, Фінляндыі, Узбекістана. На працягу апошніх пяці гадоў істотна вырасла якасць міжнароднай дзейнасці, прызнанне ГДУ за мяжой. Штогод студэнты ў індывідуальным парадку або групамі выязджаюць на стажыроўкі ў вядучыя ўніверсітэты розных краін свету.

— Андрэй Віктаравіч, колькі каштуе адукацыя ў найбуйнейшым універсітэце Гомельшчыны? Ці дзейні­чаюць скідкі?

— Цяперашнія першакурснікі плацяць каля 2800 беларускіх рублёў у год. Для тых, хто паступае ў гэтым годзе, кошт яшчэ канчаткова не сфарміраваны. Адзначу, што ў ГДУ дзейнічае гнуткая сістэма скідак. Пры добрай паспяховасці і наяўнасці пасведчання пацярпелага ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС можна атрымаць скідку па аплаце да 60%. У нас гэтую скідку штогод атрымліваюць каля 400 студэнтаў.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і Уладзіміра ЧЫСЦІКА.