Першая прыступка прафесійнай адукацыі: спыніцца на ёй ці ісці далей?

Дэмаграфічны крызіс і гіперпапулярнасць вышэйшай адукацыі выклікаюць заклапочанасць многіх ССНУ тым, якое месца сярэдняя спецыяльная адукацыя займае ў грамадскай думцы і свядомасці патэнцыяльных абітурыентаў. Напярэдадні прыёму ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва прайшла­ прэс-канферэнцыя, дзе ішла размова аб рабоце ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў новых умовах.

Як працаваць падчас дэмаграфічнага крызісу?

Дырэктар каледжа Віктар Малатоўнік звярнуў увагу на тое, што дэмаграфічны спад, які мы перажываем сёння, — праблема не толькі навучальных устаноў. У хуткім часе яна закране рынак працы і абернецца дэфіцытам кадраў, які ўжо сёння адчувальны ў многіх галінах.

Журналістам нагадалі, што ў 2012 го­дзе выпуск агульнай сярэдняй школы склаў 65,5 тысячы чалавек (у 2011 годзе — 75 тысяч, у 2010 годзе — 88 тысяч), а базавай школы — каля 90 тысяч чалавек (у 2011 годзе — 94 тысячы, у 2010-м — 99 тысяч). Прагназуецца, што колькасць выпускнікоў школ, гімназій і ліцэяў будзе скарачацца і далей: у 2015 го­дзе да 56 тысяч і менш за 90 тысяч чалавек на кожным узроўні адпаведна.

У Мінскім каледжы прадпрымальніцтва лічаць, што ў такіх умовах трэба працаваць па-новаму. Па словах дырэктара, у навучальнай установе імкнуцца фарміраваць у навучэнцаў прадпрымальніцкі тып мыслення як неабходную рысу кожнага спецыяліста ў любой сферы дзейнасці.

— Асаблівае значэнне маюць асновы профільнага навучання яшчэ ў падлеткавым узрос­це, калі закладваецца падмурак ладу мыслення, — зазначыў Віктар Ула­дзіміравіч. — Не кожны з выпускнікоў стане прадпрымальнікам, але кожны можа вало­даць гэтай кампетэнцыяй і быць прадпрымальным, практычным, арыентаваным на карысныя інавацыі — ці то на працы ў дзяржаўных структурах, ці то ў міжнародных карпарацыях. Установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёння павінна сарыентаваць будучага спецыяліста ў актуальных запытах рынку, стварыць базу прадпрымальніцкага мыслення.

У каледжы выкарыстоўваюць наступныя актуальныя падыходы: пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў арыентуюцца на перадавы айчынны і сусветны досвед; выкладчыкі павышаюць кваліфікацыю з такім прыцэлам, каб асвойваць сучасны практычны вопыт; развіваюцца партнёрскія сеткі сярод ВНУ для таго, каб выпускнікі атрымлівалі адукацыю далей.

Канечне, важна прапаноўваць абітурыентам спецыяльнасці, запатрабаваныя рынкам працы. Мінскі каледж прадпрымальніцтва ў гэтым сэнсе можа паказаць добры прыклад: усе яго спецыяльнасці адкрываліся своечасова, якраз тады, калі ў іх была патрэба. У 1992 годзе былі адкрыты “Банкаўская справа” і “Срахавая справа” (гэта быў час бурнага развіцця банкаўскай і страхавой сістэмы), у 1993 годзе — “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, у 2000 годзе — “Камерцыйная дзейнасць”, у 2003-м — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, у 2008 годзе — “Турызм і гасціннасць”, у 2011 годзе — “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” (у сферы турызму).

Ці працаўладкоўваюцца выпускнікі-платнікі?

Дырэктар паведаміў, што ў каледжы шмат увагі ўдзяляюць цеснаму ўзаемадзеянню з будучымі работадаўцамі. Гэта ячшэ адно патрабаванне нашага часу. Нягледзячы на тое, што навучанне ў каледжы толькі платнае і ўстанова не мае дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку спецыялістаў, тут усяляк садзейнічаюць працаўладкаванню навучэнцаў. Сярод партнёраў Мінскага каледжа прадпрымальніцтва — буйныя банкі Беларусі, кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, страхавыя кампаніі, больш за 50 турыстычных кампаній, найбуйнейшыя прадпрыемствы і арганізацыі краіны.

Па словах заснавальніка Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіны Барэйка, развіццё ў навучэнцаў практычных навыкаў было пакладзена ў аснову вучэбнага працэсу з самага пачатку дзейнасці навучальнай установы.

— Мы імкнуліся наблізіць нашага будучага выпускніка да яго працоўнага месца, таму практыкі пачыналіся ўжо на другім курсе. Мы накіроўвалі навучэнцаў на практыкі з улікам будучага працаўладкавання: на адно прадпрыемства не больш за траіх чалавек, і адзін з іх абавязкова атрымліваў запрашэнне на работу. Такі падыход мы выкарыстоўваем і зараз, — расказала Галіна Сямёнаўна.

Каледж захоўвае даныя па працаўладкаванні выпускнікоў з 1994 года — першага выпуску спецыялістаў для банкаўскай і страхавой сферы, што гаворыць аб вялікай увазе да гэтага пытання. У мінулым годзе было працаўладкавана 68% выпускнікоў.

Ці можна давяраць прыватным установам адукацыі?

Мяркуючы па словах прадстаўніка Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі — галоўнага інспектара Аляксандра Жыбуля, так пытанне сёння ўжо не стаіць. У 90-я гады мінулага стагоддзя стваралася шмат прыватных навучальных устаноў, але тыя, якія ставілі мэту толькі зараб­ляць грошы і пры гэтым не выконвалі патрабаванняў па арганізацыі якаснага навучання, былі закрыты.

Зараз на адукацыйным рынку краіны дзейнічае 12 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Усе яны маюць ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць, прайшлі дзяржаўную акрэдытацыю. Аднак ёсць адзін нюанс: дзяржаўную акрэдытацыю трэба перыядычна пацвярджаць.

Напрыклад, Мінскі каледж прадпрымальніцтва гэта з поспехам зрабіў у лютым 2012 года — пацвердзіў адпаведнасць віду навучальнай установы (каледж) і акрэдытацыю па 6 спецыяльнасцях. На сёмай спецыяльнасці, якая адкрыта ў мінулым годзе, — “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” (у сферы турызму) — працэдура акрэдытацыі пройдзе на выпускным курсе.

Галоўны інспектар дэпартамента нагадаў, што пры акрэдытацыі праводзяцца кантрольныя зрэзы ўзроўню ведаў навучэнцаў, і з комплекснай праверачнай работай павінна справіцца не менш за 85% удзельнікаў.

Сярэдняя спецыяльная адукацыя: самастойная ступень ці прыступка на шляху ў ВНУ?

— На мой погляд, сярэдняя спецыяльная адукацыя — першая прыступка прафесійнай адукацыі, — адзначыў Віктар Уладзіміравіч Малатоўнік. — Яна дазваляе маладым лю­дзям вельмі рана пачаць працоўную дзейнасць. Проста працаваць наша заканадаўства дазваляе з 14 гадоў, але выпускнік каледжа працуе менавіта як прафесіянал і дыпламаваны спецыяліст.

Каледж набірае на навучанне пераважна выпускнікоў базавай школы. Такім чынам,  навучэнцы, якія паспяхова спраўляюцца з вучэбнай праграмай, атрымліваюць дыплом ужо ў 18 гадоў. І ўсё ж многія выпускнікі выкарыстоўваюць яго для працягу адукацыі ў ВНУ, сумяшчаючы вучобу з работай.

Факты гавораць самі за сябе. Мінскі каледж прадпрымальніцтва мае дагаворы з шэрагам вышэйшых навучальных устаноў аб скарочаных тэрмінах навучання. Па словах В.У.Малатоўніка, больш за 70% выпускнікоў каледжа кожны год працягваюць навучанне па праграмах вышэйшай адукацыі ў скарочаныя тэрміны ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Інстытуце турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Міжнародным універсітэце “­МІТСО”, Мінскім філіяле Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі і інш. Дарэчы, Інстытут турызму ­БДУФК — на сёння адзіная ВНУ, якая прадастаўляе магчымасць выпускнікам каледжа ўдзельнічаць у конкурсе на бюджэт­ныя месцы.

Даўняе супрацоўніцтва, напрыклад, звязвае каледж з факультэтам кам­п’ю­тар­ных тэхналогій Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР. Гэты факультэт адзін з першых у краіне пачаў апрабацыю інтэграваных праграм з ССНУ, а Мінскі тэхнікум прадпрымальніцтва стаў адным з яго першых партнёраў. Зараз выпускнікі каледжа могуць паступаць на 5 спецыяльнасцей факультэта. Як паведаміў яго дэкан Рыгор Шахлевіч, факультэт мае дагаворы аб інтэграванай падрыхтоўцы з больш чым 40 каледжамі, і Мінскі каледж прадпрымальніцтва ўваходзіць у чацвёрку ўстаноў, якія пастаўляюць больш за ўсё абітурыентаў.

Р.М.Шахлевіч адзначыў, што выпускнікі школ, якія адразу паступаюць у ВНУ, робяць гэта пад уплывам альбо грамадскай думкі, альбо бацькоў, і ў апошні час гэтая з’ява ўсё больш распаўсюджваецца. У выніку ВНУ даводзіцца працаваць з інфантыльнымі маладымі людзьмі, якія псіхалагічна не гатовы да цяжкай вучобы. На іх фоне студэнты з дыпломамі каледжаў выгадна адрозніваюцца: яны вельмі добра разумеюць, чаго хочуць.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by