У краіне ідзе цэнтралізаванае тэсціраванне. Як і ў папярэднія гады, першым экзаменам 13 чэрвеня абітурыенты здавалі беларускую мову. Усяго гэтае выпрабаванне прайшлі 21 717 маладых беларусаў (не з’явіўся на тэст 631 чалавек).
Ніякіх парушэнняў з боку ўдзельнікаў не зарэгістравана.
Што да экзамену па рускай мове, які адбыўся ў аўторак, то яго прайшлі 75 832 абітурыенты. Не з’явіліся на выпрабаванне 2166 чалавек. Пяць удзельнікаў былі выдалены з аўдыторый за спробу скарыстацца мабільнымі тэлефонамі і, такім чынам, пазбавіліся магчымасці паступіць ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў гэтым годзе. Двое абітурыентаў мусілі спыніць экзамен з-за дрэннага самаадчування. Яны змогуць здаць ЦТ па рускай мове ў рэзервовы дзень.
Сёння праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне па грамадазнаўстве. На гэты прадмет зарэгістраваліся 11 360 чалавек. Пажадаем, каб для іх экзамен прайшоў спакойна, без здарэнняў.
Абітурыентам варта ўсвядоміць адну простую рэч: на цэнтралізаваным тэсціраванні правяраюцца не толькі веды, не толькі памяць, логіка і інтэлект, але і “даросласць” чалавека. На парозе дарослага жыцця арганізаванасць і адказнасць цэняцца не менш высока, чым багаж набытых ведаў. Бо калі ўявіць тыя 2 тысячы чалавек, што не прыйшлі (спазніліся) на тэст па рускай мове, і тыя 600 чалавек, якія прапусцілі тэст па беларускай мове, можна меркаваць, што ім бракуе менавіта гэтых дарослых якасцей — арганізаванасці і адказнасці.
Тое ж можна сказаць і пра тых экстрэмалаў, якія надумаліся скарыстацца на экзамене мабільнымі тэлефонамі. Нават у школе ўвесь клас бачны, як на далоні, і калі настаўнік часам не робіць заўвагу, то ён проста не хоча адхіляць сваю ўвагу на дзіцячыя глупствы. Але перад арганізатарамі тэсціравання стаіць менавіта такая задача — прадухіліць любыя парушэнні, і яны заўважаць ваш мабільны тэлефон, перш чым вы паспрабуеце загугліць першыя літары свайго запыту. Таксама заўважаць шпаргалку, калькулятар і ўбачаць іншыя хітрыкі.
Гэта ў школе могуць пашкадаваць — і на ўрок пусцяць пасля званка, і часам прыкрыюць вочы на мабільны тэлефон, і шпаргалку могуць “не заўважыць”. Могуць нават “паверыць”, што вы і не думалі ёю скарыстацца, а носіце ў кішэні для ўпэўненасці, і яна ўвогуле не ваша, а проста валялася пад сталом…
У аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, пануе строгая строгасць. Дакладней, там пануе дзелавая дабразычлівасць, але калі мае месца парушэнне — вас без лішніх слоў папросяць аддаць пропуск і пакінуць аўдыторыю. Сурова, але такія правілы ЦТ.
Калі б я як журналіст не бывала ў пунктах тэсціравання і не чула бясконцыя напамінанні арганізатараў пра тое, што мабільныя тэлефоны і іншыя непатрэбныя на ЦТ рэчы трэба здаць у гардэроб, можа, я і паверыла б, што хтосьці забыў мабільнік у кішэні. Але па дарозе ад увахода ў корпус да аўдыторыі і потым падчас інструктажу пра гэта гавораць шмат разоў, і трэба быць, прабачце, глухім, каб праслухаць, або надта самаўпэўненым, каб аслухацца.
Спазненне — яшчэ адна бяда неарганізаваных людзей. Усе тэсты пачынаюцца ў 11.00, але арыентавацца на гэты час не зусім правільна. Справа ў тым, што роўна ў 11.00 зачыняюцца ўсе аўдыторыі і ўскрываюцца канверты. І прыехаўшы ў пункт тэсціравання ўпрытык, можна проста не трапіць у аўдыторыю своечасова (асабліва калі яна знаходзіцца даволі далёка ад увахода ў корпус). Таму калі вы маеце схільнасць да спазненняў, то зафіксуйце для сябе іншую кропку часу, напрыклад 10.30 ці яшчэ больш надзейна 10.00, — лепш крыху падрамаць у аўдыторыі, чым бегчы і не паспець.
Забыўлівасць і рассеянасць абітурыентаў — гэта страчаныя і забытыя дома пашпарты і пропускі. Ужо ў нядзелю вечарам, якраз перад тэстам па беларускай мове, мне патэлефанавалі знаёмыя: дачка згубіла пропуск. На шчасце, рэгістрацыя на ЦТ электронная, усе звесткі пра абітурыентаў знаходзяцца ў агульнай базе, і пропуск можна хутка аднавіць. Галоўнае — прыйсці ў пункт тэсціравання крыху загадзя, бо такімі рассеянымі можаце аказацца не толькі вы.
У адным з пунктаў тэсціравання расказалі гісторыю, як абітурыентка зайшла ў корпус з усімі неабходнымі дакументамі, але, уваходзячы ў ліфт, выпусціла з рук пропуск, і ён паляцеў у шахту. Давялося бегчы да арганізатараў і аднаўляць страту.
Горш, калі штосьці здарыцца з пашпартам. Гэтая праблема аператыўна не вырашаецца. Таму галоўны дакумент трэба берагчы, як зрэнку вока.
Па шчырасці, напачатку я хацела пісаць крыху іншы матэрыял, і пачынацца ён павінен быў больш аптымістычна. Але тыя 5 абітурыентаў, якія парушылі правілы ЦТ і мусілі спыніць свой абітурыенцкі марафон, выбілі мяне з каляіны. І тыя 2 тысячы плюс 600 чалавек, што не з’явіліся на ЦТ па рускай і беларускай мовах, — таксама змянілі мае планы, хоць 3% ад зарэгістраваных — гэта ўжо звычайная колькасць “недаехаўшых”. Вельмі шкада, што маладыя людзі так неабдумана губляюць шансы на паступленне, і іх прафесійны выбар звужаецца ці ўвогуле адкладваецца на цэлы год.
Аднак вернемся да тых, хто ўжо здаў свой першы іспыт — па рускай ці беларускай мове. У панядзелак мы наведалі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і пабачылі, як там праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне.
Гэтай форме ўступных выпрабаванняў ужо больш як 10 гадоў, і сённяшнія абітурыенты, можна сказаць, выраслі пры ЦТ. Пераважная большасць з іх ужо праходзіла рэпетыцыйнае тэсціраванне і перарашала гару тэстаў дома, а таму асаблівага хвалявання ў аўдыторыі не адчуваецца. Усе настроены на 2 гадзіны спакойнай работы.
Арганізатары праводзяць апошні перад іспытам інструктаж — расказваюць пра запаўненне бланкаў, пра адмену памылковых метак, зноў жа пра мабільныя тэлефоны… Мы тым часам аглядаем аўдыторыю: асвятленне добрае, пітная вада на месцы, чарнавікі раздадзены і цэлы стос прыгатаваны пра запас.
Стрэлкі гадзінніка хуценька падбіраюцца да 11.00. Адказны арганізатар бярэ ў рукі запаветны канверт, нажніцы і… усіх пабочных (гэта значыць, нас, журналістаў) просяць пакінуць аўдыторыю. Ніхто і нішто не павінна перашкаджаць абітурыентам выконваць тэст. Наперадзе — 120 хвілін канцэнтрацыі, роздумаў і цішыні.
Дарэчы, вынікі экзаменаў будуць гатовы прыкладна праз два тыдні.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.