У нядзелю, 15 ліпеня, пачаўся прыём дакументаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Гэта цяжка растлумачыць, але менавіта ў першыя дні ў прыёмных камісіях ССНУ адзначаецца высокая яўка абітурыентаў. Затое гэта добра падрыхтаваныя маладыя людзі, якія выбралі сваю спецыяльнасць свядома. Магчыма, нават марылі аб ёй. Шмат заяў звычайна падаюць і ў апошні дзень. Але тут ужо ўсё тлумачыцца проста: у “апошні цягнік” спрабуюць ускочыць тыя, хто не набраў прахадны бал у ВНУ.
Высокая яўка выпускнікоў базавай школы
Таццяна Куманяева (на здымку), выпускніца 9 класа гімназіі № 6 Мінска, прынесла дакументы ў Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж адна з першых. Нашым карэспандэнтам яна расказала, што вырашыла паступаць на спецыяльнасць “Правазнаўства”, каб у будучыні працаваць у інспекцыі па справах непаўналетніх. Для гэтага пасля каледжа яна плануе працягнуць навучанне ў ВНУ.
Па словах маці абітурыенткі, Алены Вячаславаўны, якая дапамагала дачцэ правільна аформіць дакументы, гэта асабістае рашэнне Таццяны — атрымаць прафесію пасля 9 класаў. Сям’я пражывае блізка ад каледжа, што, відавочна, адыграла не апошнюю ролю пры выбары ўстановы: з аднаго боку, у дзяўчыны пачнецца новае, няшкольнае, жыццё, а з другога боку — пад наглядам блізкіх.
Адметна, што ў гандлёвым каледжы абітурыенты з ліку выпускнікоў базавай школы рэгіструюцца найбольш актыўна. Напрыклад, на тым жа “Правазнаўстве” ўжо ў панядзелак колькасць пададзеных заяў была амаль роўнай колькасці месцаў (гэтая спецыяльнасць прапаноўваецца ў Мінскім гандлёвым каледжы толькі выпускнікам базавай школы і толькі на платнай аснове). У сераду наблізіліся да выканання плана і астатнія спецыяльнасці, разлічаныя на дзевяцікласнікаў: “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, “Камерцыйная дзейнасць” (па напрамках “Таваразнаўства харчовых тавараў” і “Таваразнаўства нехарчовых тавараў”), “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”.
Відавочна, сучасныя школьнікі ацанілі перавагі атрымання прафесіі ў юным узросце. Нездарма ў планах прыёму многіх ССНУ пераважаюць лічбы набору на аснове базавай адукацыі. Так, у МДГК на бюджэтнае навучанне плануецца прыняць 155 выпускнікоў 9-х класаў і 80 — 11-х класаў, на платнае — 195 і 180 адпаведна.
— Мы заўсёды прымалі больш выпускнікоў базавай школы, чым сярэдняй, — зазначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага гандлёвага каледжа Сяргей Іванавіч Лабаноўскі. — Матывацыя ў дзяцей самая розная: некага вымушаюць сямейныя абставіны як мага раней атрымаць прафесію, каб пачаць зарабляць і дапамагаць сям’і, нехта кіруецца прыкладам бацькоў, якія ў свой час пачыналі з сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Многія не спыняюцца на гэтай ступені, а ідуць далей, у ВНУ.
Цікавы факт: толькі ў Мінскім дзяржаўным гандлёвым каледжы можна атрымаць спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” на бюджэтнай аснове. Таму звычайна яна карыстаецца павышанай увагай выпускнікоў базавай школы. Набор на бюджэт невялікі — усяго 25 чалавек, таму падчас папярэдняй уступнай кампаніі конкурс склаў 3,5 заявы на месца, а ў папярэднія гады ён дасягаў і 9,5 заявы на месца.
У каледжы расказалі, што з учарашнімі дзевяцікласнікамі працуюць па-асабліваму. Першы курс адаптацыйны, моладзь знаёміцца з прафесіяй толькі ў агульных рысах, а асноўную частку часу вывучае агульнаадукацыйныя прадметы. Навучанне не паточнае, як у ВНУ, а групавое, як у школе, што дазваляе выкладчыкам падыходзіць больш індывідуальна да кожнага навучэнца. Дарэчы, у каледжах выпускнікі базавай школы праходзяць праграму 10—11 класаў за адзін год, і гэта не ўсім аказваецца па сілах. Прафесійная падрыхтоўка пачынаецца з другога курса і лёгка даецца тым, хто выбраў спецыяльнасць па душы.
— У нас няма мэты “адфільтраваць” і хутка пазбавіцца ад тых навучэнцаў, якія слаба паспяваюць ці маюць нізкую матывацыю. Педагогі працуюць з імі так, каб дапамагчы ўключыцца ў вучэбную і практычную дзейнасць, — пераконвае С.І.Лабаноўскі.
Пры паступленні ў першую чаргу цікавімся… працаўладкаваннем
Наша знаёмства з Мінскім дзяржаўным гандлёвым каледжам пачалося з яго сайта ў інтэрнэце. Прыемна ўразіла тое, што на электронным рэсурсе выразна паказана, кім можна працаваць, атрымаўшы тую ці іншую спецыяльнасць каледжа. А гэта, на наш погляд, першае пытанне, якое павінен сабе задаць школьнік, выбіраючы будучую прафесію і навучальную ўстанову.
Калі больш дакладна, то на сайце МДГК размешчана інфармацыя аб тым, якія пасады адпавядаюць кожнай са спецыяльнасцей. Напрыклад, назва спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, можа мала аб чым казаць юным абітурыентам. А вось пералік прафесій і пасад, якія ёй адпавядаюць, — гэта ўжо больш зразумела. Так, выпускнікі гэтай спецыяльнасці могуць працаваць у сістэме гандлю і грамадскага харчавання адміністратарам залы; загадчыкам вытворчасці (шэф-поварам) і яго намеснікам; загадчыкам склада, экспедыцыі і іх намеснікам; загадчыкам (яго намеснікам) гандлёвага аб’екта грамадскага харчавання; кулінарам; майстрам вытворчага навучання ўстаноў, якія рыхтуюць кухараў і кандытараў; начальнікам цэха і яго намеснікам; кухарам; тэхнікам-тэхнолагам.
— Сапраўды, гэта два галоўныя пытанні, якія задаюць звычайна абітурыенты падчас дзён адкрытых дзвярэй: дзе я буду працаваць пасля заканчэння гэтай спецыяльнасці і як на яе паступіць, — зазначае Сяргей Іванавіч Лабаноўскі.
Дарэчы, што яшчэ тычыцца спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, то гэта той самы выпадак, калі выпускнікам прысвойваецца і кваліфікацыя (“Тэхнік-тэхнолаг грамадскага харчавання”) і рабочая прафесія (кухар 4 ці 5 разрада). Выпускнікі спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць” таксама атрымліваюць кваліфікацыю (“Таваразнаўца”) і прафесію (прадавец 4 ці 5 разряда). Гэта значна пашырае іх прафесійныя магчымасці.
— Па словах прадстаўнікоў прадпрыемстваў, выпускнікі ССНУ на вытворчасці могуць як працаваць рабочымі, так і быць кіраўнікамі, усё залежыць ад іх асабістых якасцей і здольнасцей, упэўненасці ў сабе, адказнасці. А адукацыя гэта цалкам дазваляе, — падкрэслівае С.І.Лабаноўскі.
Ёсць выпадкі, калі лепшым выпускнікам адразу прапаноўваюць кіраўніцкія пасады. А між іншым гэта маладыя людзі ва ўзросце 18-19 гадоў!
У агульным больш за 90% выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага гандлёвага каледжа размяркоўваецца на прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання Мінска.
Аксіёма: каледжы рыхтуюць практыкаў
Сярэдняя спецыяльная адукацыя заўсёды цанілася за сваю практычную скіраванасць. Можна смела сцвярджаць, што і ў Мінскім дзяржаўным гандлёвым каледжы рыхтуюць практыкаў. Гэтай мэце падпарадкаваны ўвесь адукацыйны працэс. Вучэбныя планы ўтрымліваюць вялікую долю практык. МДГК мае дагаворы на падрыхтоўку спецыялістаў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў: “Атлант”, “ЦУМ Мінск”, “МТЗ Гандальсэрвіс”, універмаг “Беларусь”, гіпермаркет “Гіпа”, “БІГЗ”, “Постгандаль” і іншымі. На прадпрыемствах, ва ўнівермагах, гіпермаркетах дзейнічаюць вучэбныя класы каледжа, дзе тэорыя адразу замацоўваецца на практыцы. Перавага такога навучання ў тым, што яно, па сутнасці, з’яўляецца індывідуальным, бо майстар на вытворчасці, як правіла, працуе з невялікай групай навучэнцаў ці асабіста з кожным.
— Часам бывае, што навучэнцы, у якіх узнікаюць праблемы з тэарэтычнай падрыхтоўкай, раскрываюцца менавіта на практыцы, працуюць з цікавасцю і задавальненнем, — зазначае загадчык аддзялення бухгалтарскага ўліку і права адказны сакратар прыёмнай камісіі каледжа А.В.Пажарыцкая. — Мы ўвесь час атрымліваем пацвярджэнні ад работадаўцаў, што нашы выпускнікі адразу ўключаюцца ў практычную дзейнасць.
У сферы гандлю і грамадскага харчавання стабільны дэфіцыт кадраў
Спецыяльнасці Мінскага дзяржаўнага гандлёвага каледжа вельмі запатрабаваны на рынку працы. Па некаторых з іх на размеркаванні колькасць заявак прадпрыемстваў традыцыйна перавышае колькасць выпускнікоў.
Напрыклад, спецыяльнасць “Камерцыйная дзейнасць” у 2011 годзе скончылі 166 чалавек, а заявак на маладых спецыялістаў паступіла 260, у 2012 годзе выпуск у лютым склаў 75 чалавек, а колькасць заявак ад прадпрыемстваў — 370. Падобная сітуацыя і са спецыяльнасцю “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”: заявак прыкладна ў два разы больш, чым выпуск, таму накіраванне на працу і статус маладога спецыяліста штогод атрымліваюць 100% выпускнікоў.
Як вядома, даныя размеркавання звычайна ўплываюць на фарміраванне плана прыёму першакурснікаў, але ў МДГК падкрэсліваюць, што трэба ўлічваць і свае магчымасці: зараз каледж рыхтуе той максімум спецыялістаў, які дазваляе ліцэнзія на адукацыйную дзейнасць. У МДГК вучыцца 2500 чалавек, з якіх 750 — завочнікі.
Кадры для сферы гандлю і грамадскага харчавання ў Мінску рыхтуюць і іншыя сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. Тым не менш рынак працы патрабуе ўсё новага і новага папаўнення. Чаму так? Канечне, нехта атрымлівае вышэйшую адукацыю і пераходзіць на больш высокія пасады. Але галоўная прычына такога стабільнага дэфіцыту кадраў у тым, што сфера актыўна развіваецца. Таваразнаўцы, прадаўцы, тэхнолагі, кухары будуць патрэбны заўсёды.
У МДГК прыводзяць факты, калі адукацыю тут завочна набываюць дарослыя навучэнцы да 50 гадоў. Звычайна гэта людзі, якія працуюць на вытворчасці і ідуць вучыцца па патрабаванні наймальніка. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што сярэдняя спецыяльная адукацыя запатрабавана і ў заказчыкаў кадраў, і ў насельніцтва.
Стартавая пляцоўка для ВНУ і кар’еры
Сярэдняя спецыяльная адукацыя — самадастатковая ступень адукацыі. Для яе выпускнікоў прадугледжана цалкам канкрэтная, дакладна вызначаная ніша на рынку працы. Але многія выкарыстоўваюць навучанне ў ССНУ і як стартавую пляцоўку для атрымання вышэйшай адукацыі. Ніякіх перашкод для гэтага няма, а наадварот, створаны спрыяльныя ўмовы.
Напрыклад, гандлёвы каледж мае дагаворы на скарочаную форму навучання з 16 вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Сярод іх — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, а таксама шмат іншых сталічных і рэгіянальных ВНУ. Ёсць нават дагаворы аб супрацоўніцтве з Расійскім дзяржаўным універсітэтам турызму і сэрвісу, Расійскім універсітэтам кааперацыі, Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам тэхналогій і кіравання. Відавочна, беларускія таваразнаўцы, бухгалтары, тэхнолагі харчовай вытвочрасці ў іх на добрым рахунку.
— Заўсёды больш прыемна вучыць таго, хто ўжо добра падрыхтаваны, зазначае С.І.Лабаноўскі. — Увогуле, скарочаная форма навучання выгадна ўсім бакам: і студэнтам, і навучальным установам, і дзяржаве.
Калі паступаць у ВНУ такім шляхам — па праграме скарочанага навучання пасля каледжа, — то можна атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі разам са сваімі пагодкамі, якія паступілі ў гэтую ж ВНУ пасля 11 класа школы. Розніца ў тым, што ў гады вучобы ва ўніверсітэце ў выпускніка каледжа ўжо ёсць прафесія, а значыць, магчымасць працаваць, што многія і выкарыстоўваюць. Гэта істотная канкурэнтная перавага.
Другая перавага ў тым, што студэнты з дыпломам ССНУ лепш падрыхтаваны да асваення прафесійных, спецыяльных дысцыплін, і ўвогуле адміністрацыя ВНУ і патэнцыяльныя работадаўцы разглядаюць іх як найбольш матываваную, псіхалагічна сталую частку студэнцтва.
Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.