У першым патоку

У аўторак пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі першага патоку. І хоць на той час цэнтры тэсціравання толькі прыступілі да выдачы сертыфікатаў ЦТ, многія абітурыенты паспелі і сертыфікаты атрымаць, і дакументы падаць. Напрыклад, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў да канца дня на некаторыя спецыяльнасці ўжо быў конкурс.

Дарэчы, у творчых установах адукацыі паняцце конкурсу мае тое ж значэнне, што і раней, — на адно месца тут могуць прэтэндаваць і пяць, і сем, і дзевяць чалавек. І калі абітурыенты іншых УВА, параўноўваючы свае балы з іншымі, могуць пралічыць уласныя шансы на паступленне і не падаваць дакументы туды, дзе яны адназначна не праходзяць, то ў творчых установах адукацыі ўсё вырашаюць уступныя выпрабаванні.
Ужо некалькі гадоў дзейнічаюць новыя правілы прыёму, паводле якіх прахадны бал абітурыентаў творчых навучальных устаноў на тры чвэрці вызначаецца адзнакамі па творчых прадметах. Гэта дало магчымасць праводзіць больш якасны адбор, і ў навучальных установах з задавальненнем адзначаюць, што цяпер там з’явілася больш сапраўды таленавітых студэнтаў.
“Мы самі былі ініцыятарамі такіх змен у правілах прыёму, бо часта здараліся выпадкі, калі вельмі таленавітыя абітурыенты мусілі саступаць дарогу абітурыентам з больш высокімі баламі ЦТ, — расказвае прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў намеснік старшыні прыёмнай камісіі Лідзія Уладзіміраўна Бярозкіна. — Я ніколькі не супраць уседлівых старанных абітурыентаў, якія добра здаюць тэсты і ў якіх вельмі высокі сярэдні бал атэстата, але пагадзіцеся, што са-праўдны мастак не будзе карпець над той жа фізікай ці хіміяй, калі ў яго ёсць такая захапляльная справа — мастацтва. І ці трэба яго прымушаць гэта рабіць, калі ў яго зусім іншы — творчы — патэнцыял?”
Усе выкладчыкі акадэміі адзначаюць, што ў студэнтаў, якія паступілі па новых правілах, значна лепшая паспяховасць па творчых дысцыплінах. Раней жа сітуацыя была адваротная: многія абітурыенты, якія паступалі дзякуючы толькі высокім балам ЦТ, нядрэнна вучыліся на першых курсах, але з часам, калі пачыналіся спецыяльныя дысцыпліны, здавалі пазіцыі і выглядалі сераднячкамі.
На шчасце, зараз сітуацыя змянілася. І сёння ўжо не так важна, які ў абітурыента сертыфікат, куды важней, які ён творца. Хаця, безумоўна, часам для паступлення якраз і не хапае некалькіх балаў па агульнаадукацыйных прадметах.

Вядома, што сёлета ў многіх установах вышэйшай адукацыі лічбы прыёму былі скарочаны. Не абышла гэтая доля і самую камерную дзяржаўную ўстанову краіны — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Сёлета на бюджэтную форму сюды плануецца набраць 130 абітурыентаў (115 на дзённую форму навучання і 15 — на завочную), што на 16 чалавек менш, чым летась.
“Бюджэтныя месцы скарочаны пераважна на завочнай форме (з 26 да 15), — тлумачыць Лідзія Уладзіміраўна, — і ў многім гэта звязана з тым, што летась тры бюджэтныя месцы засталіся незанятымі. Зрэшты, гэта не значыць, што ў нас не было жадаючых ці яны дрэнна здалі ўступныя іспыты, — наадварот, конкурс быў велізарным. Проста ў тых, хто прэтэндаваў на бюджэтнае навучанне па завочнай форме, не аказалася працоўных кніжак. І было нават крыўдна, што абітурыент, які ішоў першым у рэйтынгу па сваёй спецыяльнасці, быў залічаны толькі на ўмовах аплаты, бо на момант паступлення не працаваў па профілі”.
А між тым гэта прынцыповая ўмова для абітурыентаў, якія прэтэндуюць на атрыманне адукацыі ў завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту, — яны павінны працаваць па профілі выбранай спецыяльнасці. Атрымліваецца замкнёнае кола: цяжка знайсці работу, калі няма адпаведнага дыплома, а каб атрымаць дыплом па завочнай форме, трэба недзе працаваць. І вельмі многія не ў стане вырашыць гэтую задачу да пачатку паступлення. Адзіная група, для якой такая сітуацыя абсалютна нескладаная, — акцёры рэгіянальных тэатраў. Гэта, як правіла, выпускнікі каледжаў ці проста таленавітыя людзі, якія працуюць, не маючы вышэйшай адукацыі (сталічныя ж зоркі не едуць у правінцыю). Яны паступаюць у акадэмію і з поспехам вучацца завочна.
Трэба сказаць, што завочнае навучанне ёсць толькі на двух факультэтах акадэміі — тэатральным і факультэце экранных мастацтваў. Але спецыяльнасці, якія там прапаноўваюцца, вельмі папулярныя сярод абітурыентаў. Летась, напрыклад, конкурс на спецыяльнасць “Кінатэлеаператарства” быў 9,5, на “Акцёрскае мастацтва” — 6,0 і г.д. Зразумела, што жорсткі адбор вёўся не толькі на бюджэтнае, але і на платнае навучанне.
Што да дзённай формы навучання ў акадэміі, то сёлета колькасць бюджэтных месцаў зменшылася ўсяго на пяць, і гэта наўрад ці паўплывае на конкурсы і прахадныя балы. Калі меркаваць па выніках мінулага года, то агульны конкурс па акадэміі быў 4,2 заявы на месца. Самы вялікі — на “Дызайн інтэр’ераў” (9,5), “Акцёрскае мастацтва” (7,1) і іншыя.
У акадэміі ёсць спецыяльнасці, набор на якія адбываецца раз у 5-6 гадоў. Так, сёлета выпушчаны курс і зараз набіраецца новая група па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва)”. План набору: 4 чалавекі за кошт бюджэту і 4 — на ўмовах аплаты.
На факультэце экранных мастацтваў нядаўна была адкрыта спецыяльнасць “Мастацтвазнаўства (арганізацыя кінатэлевытворчасці)” з кваліфікацыяй “Кінатэлевед. Прадзюсар-менеджар”. Сёлета на гэтую спецыяльнасць таксама аб’яўлены набор. План: 4 чалавекі за кошт бюджэту і 6 — на ўмовах аплаты.
Будзе весціся набор абітурыентаў і на спецыяльнасць “Рэжысура кіно і тэлебачання (анімацыйныя дзеянні)” — 6 чалавек, прычым толькі на бюджэтнай аснове.
Дарэчы, у акадэміі мастацтваў усе групы вельмі кампактныя, і тут вядзецца сапраўды штучная падрыхтоўка. Хаця заняткі па прадметах гуманітарнага цыкла праходзяць пераважна для патокаў.
“Доўгія гады на спецыяльнасці факультэта дызайну выдзялялася па 6 бюджэтных месцаў, але зараз іх колькасць (у залежнасці ад напрамку) меншая, — гаворыць Лідзія Уладзіміраўна. — Справа ў тым, што бюджэтнікаў мы абавязаны размяркоўваць, і мы размяркоўваем усіх. Але з кожным годам знайсці месцы, напрыклад, для экспадызайнераў становіцца ўсё цяжэй. Самае цікавае, што яны вельмі запатрабаваны на рынку, але ёсць праблема з іх залічэннем у штат у якасці маладых спецыялістаў. Многія работадаўцы аддаюць перавагу найму работнікаў па дагаворы — і гэта, напэўна, сусветная тэндэнцыя. Арганізацыям зручна не трымаць дарагіх высокааплатных спецыялістаў у сябе ў штаце, а наймаць іх для канкрэтных праектаў. Напрыклад, кампанія запрашае рэжысёраў, акцёраў і астатнюю каманду на перыяд, калі здымаецца фільм, а здымкі скончыліся — і ўсе раз’ехаліся! Зрэшты, гэта зручна і для саміх спецыялістаў, бо можна выбіраць самыя цікавыя і высокааплатныя праекты”.

Абітурыенты акадэміі мастацтваў, як правіла, рыхтуюцца да паступлення загадзя, бо толькі рэдкі самародак можа паступіць сюды без папярэдняй падрыхтоўкі. На працягу ўсяго года для іх працавалі курсы, таму ўсе паступаючыя добра ведаюць, якія патрабаванні будуць прад’яўляцца на ўступных выпрабаваннях. Ведаюць яны і тое, што ў кожную экзаменацыйную камісію, акрамя выкладчыкаў акадэміі, уваходзяць вядомыя ў краіне творцы: акцёры, рэжысёры, мастакі. Іх імёны трымаюцца ў сакрэце, але абітурыентам трэба быць гатовым да таго, што на экзамене ім давядзецца дэманстраваць свае таленты вельмі аўтарытэтным спецыялістам.
Зараз у галоўным корпусе акадэміі мастацтваў ідзе рамонт, але аўдыторыі для правядзення ўступных выпрабаванняў падрыхтаваны. Яны будуць праходзіць на чатырох пляцоўках у розных канцах горада.
Пры падачы дакументаў кожны абітурыент атрымлівае памятку, у якой пазначана, дзе будуць адбывацца экзамены на выбраную ім спецыяльнасць і што трэба з сабой прыносіць. А на адваротным баку памяткі адлюстравана карта і ўказаны маршрут, як дабрацца да месца.
Дарэчы, прыём дакументаў у акадэмію мастацтваў будзе доўжыцца да 18 гадзін суботы, а ўжо ў нядзелю пачнуцца ўступныя выпрабаванні. За 9 дзён кожны абітурыент павінен будзе паказаць усё, на што ён здатны.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.