Вось і новыя абітурыенты падраслі

У краіне пачаўся першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання.

Пункты арганізацыі і правя­дзення рэпетыцыйнага тэсціравання пачалі работу ва ўсіх рэгіёнах Беларусі (пералік ёсць на сайце РІКВ). І ўжо ў першыя дні абітурыенты спяшаюцца зарэгістравацца на выпрабаванні.

Чаму гэта так важна — прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне?

Па-першае, трэба прагнаць страх. Не адцягваць, а з самага пачатку атрымаць неабходны вопыт і зразумець, што ЦТ — гэта зусім не страшна, і такім чынам псіхалагічна падрыхтавацца да будучых экзаменаў.

Па-другое, ёсць магчымасць набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланка адказаў, што таксама надасць упэўненасці.

Па-трэцяе, рэпетыцыйнае тэсціраванне дазволіць усвядоміць абітурыенцкую адказнасць. Выпрабаванні праводзяцца па матэрыялах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, апрацоўка бланкаў і выдача вынікаў таксама ажыццяўляецца па тэхналогіі ЦТ. Як і на ЦТ, абітурыент павінен прыбыць у пункт тэсці­равання не пазней чым за 30 хвілін да пачатку выпрабавання. Пры сабе неабходна мець толькі паш­парт, раздрукаваны пропуск і чорную гелевую ручку (пры выкананні тэстаў па хіміі і фізіцы дазваляецца выкарыстанне самага простага калькулятара). Ці трэба казаць, што любыя спробы спісаць недапушчальныя. Як і на ЦТ, за парушэнне гэтых правіл падчас рэпетыцыйнага тэсціравання абітурыенты адхіляюцца ад удзелу. Так, РТ — гэта яшчэ і рэпетыцыя адказнасці.

Па-чацвёртае, абітурыенты могуць азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў па выбраных прадметах і праверыць узровень ведаў на дадзеным этапе. Атрымаўшы і прааналізаваўшы вынікі, будзе значна прасцей арганізаваць эфектыўную падрыхтоўку да ЦТ і ліквідаваць выя­ўленыя прабелы ў ведах.

Ну і нарэшце, адэкватная ацэнка ведаў па розных прадметах дазволіць зрабіць больш асэнсаваны выбар будучай прафесіі і ўстановы адукацыі. Можа, не ўсім, хто здае тэсты, варта ісці ва ўніверсітэты? Ва ўсякім разе, будзе нагода задумацца.

Нагадаем, кошт рэпетыцыйнага тэсціравання па адным вучэбным прадмеце складае 7 рублёў (яно ўключае ў сябе ўласна выпрабаванне, апрацоўку і прадастаўленне вынікаў, прадастаўленне рашэнняў для выканання работы над памылкамі).

Акрамя таго, на сайце РІКВ можна бясплатна прайсці дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.