Рознымі дарогамі — у свет ІТ

У разгар уступнай кампаніі, якраз паміж ЦТ па матэматыцы і фізіцы, Парк высокіх тэхналогій правёў традыцыйную сустрэчу з абітурыентамі, якія маюць намер паступаць на ІТ-спецыяльнасці.

У абітурыентаў была магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, дэканам і студэнтам профільных факультэтаў БДУ, БНТУ, БДУІР і БДТУ. Прадстаўнікі рэзідэнтаў ПВТ далі практычныя парады, на што варта звяртаць асаблівую ўвагу ў працэсе навучання і як стаць запатрабаванымі ў ІТ-індустрыі.

Падчас сустрэчы быў прадстаўлены абноўлены каталог-даведнік для тых, хто паступае на ІТ-спецыяльнасці. Гэта больш як 100 старонак падрабязнай інфармацыі пра факультэты, якія рыхтуюць адпаведных спецыялістаў (укладальнікі даведніка ўказалі 22 факультэты ў розных універсітэтах краіны). Там ёсць звесткі пра выкладчыцкі склад, кафедры, спецыяльнасці, лічбы прыёму і прахадныя балы ў мінулыя гады.

Акрамя таго, на старонках даведніка сваімі гісторыямі паступлення, вучобы і працаўладкавання дзеляцца студэнты ІТ-спецыяльнасцей і прафесіяналы. Яны расказваюць пра самыя распаўсюджаныя міфы ў дачыненні да ІТ, пра тое, хто і колькі зарабляе, якія ІТ-спецыялісты будуць запатрабаваны ў будучыні.

Тры міфы, якімі пужаюць абітурыентаў

Укладальнікі даведніка разбураюць 3 распаўсюджаныя міфы, якія выклі­каюць насцярожанасць у многіх школьнікаў і іх бацькоў.

Міф першы. Аб тым, што ІТ — гэта мужчынская галіна і што дзяўчатам цяжка дасягнуць там чагосьці значнага.

На гэты конт укладальнікі паведам­ляюць, што трэцяя частка супрацоўнікаў ПВТ — дзяўчаты, большасці з якіх няма 28 гадоў. Больш за тое, такія прафесіі, як бізнес-аналітык і тэставальнік, у ПВТ выконваюць пераважна прадстаўніцы прыгожага полу.

Міф другі тычыцца працаўладкавання. Многія бацькі думаюць, што, каб трапіць у ПВТ, патрэбны сувязі, а бюджэтнікаў увогуле не размяркоўваюць у кампаніі — рэзідэнты Парка.

Тым не менш статыстыка паказвае, што каля 80% маладых спецыялістаў, якія тра­пляюць у ПВТ пасля ўніверсітэтаў, — гэта выпускнікі менавіта бюджэтнай формы навучання. Пры размеркаванні ўстановы адукацыі бяруць пад увагу тое, як патэнцыяльныя работадаўцы дапамагаюць ім у падрыхтоўцы кадраў: ці прадастаўля­юць пляцоўку для праходжання студэнцкай практыкі і правядзення семінараў, ці садзейнічаюць навучанню выкладчыкаў. Тут у Парка высокіх тэхналогій, безумоўна, ёсць перавага. На базе кампаній — рэзідэнтаў ПВТ дзейнічае больш за 20 філіялаў універсітэцкіх кафедр, адкрыта больш за 65 сумесных навукова-практычных лабараторый ва ўсіх тэхнічных універсітэтах краіны.

Меркаванне, што для працаўладкавання ў ПВТ не абысціся без пратэкцыі, таксама з’яўляецца памылковым. Значэнне мае толькі тое, якімі  ведамі валодае і што ўмее рабіць саіскальнік.

Укладальнікі даведніка адзначаюць, што студэнтаў, якія прыходзяць ва ўніверсітэт за ведамі, кампаніі — рэзідэнты ПВТ заўважаюць яшчэ на 2 курсе. Да выпуску ўсе матываваныя і зацікаўленыя ў сваёй будучай прафесіі студэнты ўжо працуюць у ІТ-індустрыі.

І яшчэ адно пытанне, якое непакоіць абітурыентаў і іх бацькоў: ці не пагражае
ІТ-рынку перанасычанасць, што можа прывесці да беспрацоўя сярод праграмістаў, як гэта здарылася з юрыстамі і эканамістамі? Гэты міф разбураецца, калі пагля­дзець на структуру працаўладкавання. Так, сёння эканамістаў і юрыстаў рых­туюць пераважна для работы на беларускім рынку, а ён невялікі. А ІТ-спецыялісты могуць выбіраць работу ў любой краіне свету. Як слушна адзначаецца ў даведніку, на выпускнікоў беларускіх універсітэтаў “палююць” і Google, і Facebook, і Microsoft.

Трэці міф пра тое, што ўсе айцішнікі —  “батанікі” і “гікі”. Укладальнікі даведніка раяць усім, хто так думае, бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі ІТ-індустрыі, каб зразумець, што гэта зусім не так.

Каго чакаюць работадаўцы

Укладальнікі даведніка адзначаюць, што адно з найважнейшых патрабаванняў ІТ-кампаній да саіскальнікаў — веданне замежных моў, найперш англійскай. І не толькі тэхнічнай, але і гутарковай (узровень Intermediate і вышэй). Замежныя заказчыкі заканамерна чакаюць ад каманды суладдзя ў працы, а гэта немагчыма, калі хтосьці не можа паўнацэнна выказваць свае думкі па-англійску. Па гэтай прычыне ацэнка ведаў замежнай мовы заўсёды ўключаецца ў лік уваходных тэстаў пры субяседаванні.

У даведніку адзначаецца, што замежныя заказчыкі часта выбіраюць менавіта беларускіх распрацоўшчыкаў, якія ўжо даказалі сваю перавагу ў якасці выканання пастаўленых задач (у параўнанні з індыйскімі, філіпінскімі і кітайскімі канкурэнтамі). Таму да ведаў і кампетэнцый спецыялістаў, якія прыцягваюцца для работы над высокааплатнымі міжнароднымі праектамі, прад’яўляюцца самыя высокія патрабаванні. Мала ўмець рабіць сайты і пісаць коды — трэба валодаць глыбокімі тэарэтычнымі ведамі, умець самастойна вучыцца, развіваць свае навыкі на практыцы. Усё гэта магчыма толькі з вышэйшай інжынернай адукацыяй, наяўнасць якой — звычайнае патрабаванне заказчыка пры наборы каманды ў праект.

Дарэчы, у ІТ-індустрыі добра зарабляюць не толькі праграмісты, але і іншыя спецыялісты — маркетолагі, бізнес-аналітыкі, менеджары па продажах, кіраўнікі праектаў. Работадаўцы гатовы плаціць за прафесіяналізм кожнага, хто імкнецца стаць лепшым у сваёй галіне.

Хто з айцішнікаў будзе запатрабаваны ў будучыні

Паводле звестак HR-спецыялістаў кампаній — рэзідэнтаў ПВТ, сёння ў
ІТ-індустрыі бракуе інжынераў у галіне машыннага навучання, штучнага інтэ­лекту, аналітыкаў даных (Data Scientist) і Computer Scientist. Попыт на гэтых спецыялістаў у найбліжэйшыя гады будзе толькі ўзрастаць. Таксама захоўваецца недахоп распрацоўшчыкаў (па ўсіх тэхналогіях).

Акрамя таго, запатрабаваны тэхнічныя кансультанты, якія маюць практычныя навыкі ў галіне кіравання праектамі, вопыт у распрацоўцы тэхнічнай дакументацыі; менеджары па продажах, якія вало­даюць добрымі камунікатыўнымі навыкамі для прасоўвання паслуг і сэрвісаў.

З ростам долі прадуктовых кампаній будзе ўзрастаць патрэба ў маркетолагах, праектных менеджарах, якія ажыццяўляюць праектаванне і расстаноўку прыярытэтаў, планаванне выканання задач, кантроль, аператыўнае вырашэнне праблем.

Заробкі ў ІТсіндустрыі

Не сакрэт, што многіх прыцягвае ў ІТ-сферу менавіта высокая аплата працы. Сёння зарплата ІТ-пачаткоўца (як правіла, студэнта) стартуе ад $450—500 ЗША. Праз год яны зарабляюць прынамсі ўдва­я больш. Тым не менш укладальнікі даведніка папярэджваюць абітурыентаў, што спакуса грашыма, не падмацаваная са­праўднай цікавасцю да інфармацыйных тэхналогій, — гэта зман, які прыводзіць да расчараванняў. Грошы ў ІТ даюцца не так проста. Работадаўцы гатовы шчодра плаціць сваім супрацоўнікам, але чакаюць ад іх высокай якасці, эфектыўнасці і хуткасці. Трэба быць гатовымі няспынна вучыцца, штодня ўдасканальваць свае навыкі, прымаць нетрывіяльныя рашэнні — і тады можна разлічваць на высокааплатную работу.

Практычныя парады абітурыентам

Студэнты розных спецыяльнасцей падзяліліся на старонках даведніка сваім вопытам паступлення, навучання ва ўніверсітэце і працаўладкавання ў ІТ-кампаніі. Усе яны раяць абітурыентам прымаць самастойнае рашэнне і выбіраць тую спецыяльнасць, да якой хіліцца душа.

Настасся Шымко, студэнтка Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ: “Шукайце тое, да чаго ляжыць душа і што сапраўды прыносіць задавальненне, а не тое, што раяць бацькі, сябры”.

Марыя Волкава, студэнтка факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ: “Слухайце сваё сэрца. Выбірайце ўважліва спецыяльнасць. Пры выбары глядзіце, якія прадметы вы будзеце вывучаць”.

Павел Бацылеў, студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ: “Не ідзіце вучыцца на праграміста па парадзе мамы, з-за высокай зарплаты ці з-за таго, што добра здалі матэматыку, фізіку і мову. Гэта няпростая работа, і ваша мама памыляецца, калі думае, што быць праграмістам — гэта сядзець за камп’ютарам у офісе і націскаць кнопачкі. Вам давядзецца вырашаць складаныя, але цікавыя задачы. Сыходзіць з універсітэта і перавучвацца або штодня займацца на рабоце тым, што раздражняе, хай і з-за грошай, — дрэнныя варыянты. Калі не мелі справы з праграмаваннем, паспрабуйце лепш даведацца, што гэта такое, да паступлення ва ўніверсітэт. І калі гэта не будзе вам даспадобы, выберыце нешта іншае. Дарэчы, у IT ёсць не толькі праграмісты, разгледзьце розныя варыянты”.

Усе студэнты, якія даюць парады ў даведніку, сцвярджаюць, што паступленне ва ўніверсітэт — гэта палова справы. Каб дасягнуць чагосьці значнага ў ІТ-сферы, трэба шмат працаваць.

Аляксандр Качурка, студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ: “Не трэба думаць, што разам з заканчэннем школы канчаецца і вучоба. Сапраўдная вучоба пачынаецца менавіта ва ўніверсітэце”.

Аляксей Арэхва, студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР: “Па-першае, трэба сапраўды вызначыцца са сваёй будучай спецыяльнасцю і імкнуцца ўсімі сіламі паступіць на яе. Адказна паставіцца да падрыхтоўкі да ЦТ. Старацца перамагчы сваю ляноту! Падчас вучобы ва ўніверсітэце цалкам прапрацоўваць дома матэрыял, пройдзены на лекцыі, нават калі ён падаўся лёгкім”.

Данііл Кароткі, студэнт факультэта машынабудавання і аўтамабільнага транспарту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: “Абітурыенту магу сказаць толькі тое, што трэба добра рыхтавацца да ЦТ, каб паступіць туды, куды хочацца. Навед­ваць усе лекцыі і правільна весці канспект (вельмі ратуе). І, вядома ж, быць таварыскім”.

Кацярына Рак, студэнтка факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ: “Выбірайце тую сферу, якая вам сапраўды цікавая, пастаянна займайцеся самаадукацыяй, бо на субяседаванні будзе ся­дзець не ваш дыплом, а вы”.

Кірыл Калуга, студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ: “Будзь актыўным, не заставайся ўбаку. Выкарыстоўвай мноства крыніц інфармацыі. Не будзь кансерватарам, часцей выходзь з зоны камфорту і не забывай пра сваіх калег-студэн­таў. Памятай, разам мы можам многае! Гэта цудоўны час, поўны неверагодных падзей, незабыўных прыгод, найкруцейшых магчымасцей. Перад табой — цэлы свет, і толькі ад цябе залежыць твая будучыня. Старайся быць дарослым і задумвайся пра наступствы”.

Сваім вопытам з абітурыентамі па­дзяліліся і маладыя спецыялісты ІТ-сферы. Яны ўжо былі ў ролі абітурыентаў, студэнтаў, саіскальнікаў, таму іх парады менш эмацыянальныя і больш практычныя.

Аніта Судан, выпускніца магістратуры механіка-матэматычнага факультэта БДУ, бізнес-аналітык IT-кампаніі: “Верце ў сябе і ў ідэю, ведайце, што вам па-сапраўднаму хочацца рабіць. Вызначыцеся, навошта вам трэба паступаць ва ўніверсітэт. Не бойцеся задаваць пытанні і атрымліваць на іх адказы. Азнаёмцеся з сітуацыяй на рынку працы як у нас у краіне, так і за мяжой, сачыце за трэндамі ў свеце, чытайце артыкулы па цікавых вам тэмах і дайджэсты прадуктовага дызайну. Майце зносіны з людзьмі, крэатыўнічайце і не бойцеся дзяліцца са светам сваімі ідэямі. Гэты свет належыць выдумшчыкам і людзям, якія вераць, што могуць зрабіць немагчымае. Натхняйцеся і натхняйце людзей вакол — і ўсё атры­маецца!”

Аляксандра Міхнавец, выпускніца факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР, Software Test Automation Engineer: “Калі вы задумваецеся пра кар’еру ў ІТ, то найперш узважце свае магчымасці і жаданні. Вельмі добра, калі яны супа­даюць: сваю работу трэба любіць, інакш вы рызыкуеце страціць цікавасць да яе. Па-другое, памятайце, што, каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. Па-трэцяе, рух — гэта жыццё. Будзьце гатовы ўвесь час расці, асвойваць новыя тэхналогіі, каб не дэградаваць”.

Дарэчы, каталог-даведнік для абітурыентаў, якія паступаюць на ІТ-спецыяльнасці, выкладзены на сайце ПВТ: http://park.by.

Даведнік гартала
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*