Як у Магілёўскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы рыхтуюць прафесіяналаў
Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж з моманту адкрыцця (больш за 50 гадоў назад) карыстаецца нязменнай папулярнасцю сярод абітурыентаў. Прычына ў тым, што каледж гарантуе сваім навучэнцам якасную адукацыю па запатрабаваных у грамадстве спецыяльнасцях і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома.
Лепшае пацвярджэнне сказанага — бліскучыя выступленні прадстаўнікоў установы на рэгіянальным, рэспубліканскім і міжнародным этапах спаборніцтваў WorldSkills. Так, у 2014 годзе трое навучэнцаў каледжа ў нацыянальным чэмпіянаце занялі першае, другое і трэцяе месца ў трох кампетэнцыях: “Кулінарнае мастацтва”, “Кандытарскае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”.
Адна з пераможцаў — Марыя Кушвід — пасля прыняла ўдзел у чэмпіянаце WorldSkills СНД у Казані, дзе заваявала сярэбраны медаль у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”, і ў сусветным чэмпіянаце ў бразільскім Сан-Паўлу, дзе зноў паказала высокі вынік. Выпускнік каледжа Мікіта Цвяткоў у 2014 годзе перамог у чэмпіянаце WorldSkills СНД у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, заняў другое месца на конкурсе WorldSkills Russia, адстойваў гонар краіны на чэмпіянаце свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills Copmetition у Сан-Паўлу. Зараз таксама ўжо выпускніца каледжа Настасся Дзямідава стала першай на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016. Летась навучэнка Вераніка Гатальская заняла другое месца ў кампетэнцыі “Кухарская справа” на чэмпіянаце Worldskills Russia — 2017 у Краснадары. Сёлета трое навучэнцаў сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу WorldSkills Belarus — 2018 у кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва”, “Тэхналогія электрамантажных работ”, “Візуальны мерчандайзінг”.
Такія паказчыкі сапраўды ўражваюць, а яны ж не адзінкавыя. Дзякуючы якаснай падрыхтоўцы, навучэнцы каледжа пастаянна становяцца пераможцамі розных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства. Каб больш падрабязна даведацца пра ўсе аспекты функцыянавання каледжа, якія прыводзяць да такога выніку, мы гутарым з яго дырэктарам Валянцінай СТРАХАЛЕТ.
— Валянціна Міхайлаўна, раскажыце падрабязней, што ўяўляе сабой Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж.
— Першапачаткова ўстанова функцыянавала як тэхнікум па падрыхтоўцы спецыялістаў для мясцовага завода хімічных валокнаў. Крыху пазней тут пачалі вучыць іншым прафесіям. Але патрэбы рынку працы дыктавалі неабходнасць увядзення ўсё новых і новых спецыяльнасцей.
Сёння наш каледж — гэта шматпрофільная, шматузроўневая ўстанова, арыентаваная на інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя кадры для сферы гандлю і грамадскага харчавання.
Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж чатыры разы быў прызнаны лепшым у горадзе сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Якасць навучання ў тэхналагічным каледжы знаходзіцца на высокім узроўні. Зразумела, каб падтрымліваць гэты ўзровень, неабходны адпаведныя ўмовы…
— У нашым каледжы ёсць усё неабходнае для забеспячэння якаснай адукацыі. Вучэбныя кабінеты абсталяваны камп’ютарамі, мультымедыйнымі ўстаноўкамі, што дазваляе эфектыўна праводзіць тэарэтычныя заняткі. Найноўшае тэхналагічнае абсталяванне ёсць і ў вучэбна-вытворчых майстэрнях, што садзейнічае якаснаму вытворчаму навучанню.
Каледж пастаянна абнаўляе і пашырае сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, удасканальвае метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. Мы выдатна разумеем, што канкурыраваць на рынку працы нашым выпускнікам дазволіць толькі іх прафесіяналізм, таму імкнёмся бесперапынна павышаць якасць адукацыі навучэнцаў, прафесійную кампетэнтнасць нашых педагогаў. На занятках прымяняюцца інавацыйныя метады навучання, сучасныя інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі. Зараз каледж з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай для ўкаранення мадэлі завочнай формы атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове модульнага падыходу.
— Рынак працы чакае высакакласных спецыялістаў. Ці адпавядае каледж тэндэнцыям часу?
— Усю сваю работу мы будуем з улікам аналізу рынку працы. Наша прыярытэтная задача — рыхтаваць высокапрафесійныя, канкурэнтаздольныя кадры, якія ўмеюць арыентавацца ва ўмовах рынку, таму ніколі не спыняемся, знаходзімся ў пастаянным развіцці.
Не так даўно да каледжа быў далучаны прафесійны ліцэй. Цяпер навучанне ў нас ажыццяўляецца на дзвюх ступенях — прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. За апошнія гады мы адкрылі шэраг новых прафесій з улікам патрабаванняў часу. Пастаянна абнаўляюцца тэхналогіі і методыкі ў вучэбных праграмах традыцыйных спецыяльнасцей.
Мы сталі развіваць сістэму бесперапыннай інтэграванай прафесійнай адукацыі. Напрыклад, навучэнцы, якія набываюць прафесію кухара на ўзроўні ПТА, могуць таксама засвоіць прафесіі афіцыянта або бармена па адукацыйнай праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых. Лепшыя выпускнікі, якія засвоілі праграму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, маюць магчымасць у скарочаныя тэрміны атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Акрамя таго, з мэтай бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы заключаны дагаворы з шаснаццаццю ўстановамі вышэйшай адукацыі нашай краіны і суседняй Расіі.
У каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка па наступных спецыяльнасцях:
- Мехатроніка;
- Тэхналогія харчовых вытворчасцей;
- Камерцыйная дзейнасць;
- Нізкатэмпературная тэхніка;
- Электразабеспячэнне;
- Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей;
- Прамысловая цеплаэнергетыка;
- Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання.
— Спецыяльнасць навучэнцы атрымалі. А як далей з працаўладкаваннем? Зараз многія ўстановы адукацыі сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі ў гэтым напрамку.
— Штогод наш каледж заканчваюць больш за 300 чалавек, і ўсім выпускнікам прадастаўляецца першае працоўнае месца. Тут нам дапамагаюць дзейсныя дамовы аб супрацоўніцтве і падрыхтоўцы кадраў, якія заключаны з найбуйнейшымі арганізацыямі гандлю і грамадскага харчавання Магілёва. Так, сёння мы рыхтуем спецыялістаў для адкрытых акцыянерных таварыстваў “Універмаг “Цэнтральны”, “Задняпроўе”, “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”, “Магілёўхімвалакно”, “Магатэкс”, “Магілёўская фабрыка марожанага”, што найлепшым чынам пацвярджае запатрабаванасць нашых выпускнікоў.
— У любой установе адукацыі навучанне заўсёды на першым месцы, аднак жыццё вашага каледжа насычана не толькі вучобай?
— Праходзячы навучанне ў каледжы, моладзь цікава праводзіць і свой вольны час. Паколькі педагагічны калектыў надае вялікае значэнне арганізацыі пазакласнай дзейнасці навучэнцаў, то сумаваць у нас не даводзіцца нікому. Кожны можа рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца. У нашай установе працуюць гурткі тэхнічнай і мастацка-эстэтычнай накіраванасці, спартыўныя секцыі, пастаянна праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
Педагогі імкнуцца выяўляць і развіваць здольнасці ўсіх навучэнцаў. Дзякуючы гэтаму, у нас склалася спрыяльная сістэма ўзаемаадносін, сфарміраваўся прыязны мікраклімат у вучэбных групах, што ў многім дапамагае дасягаць добрых вынікаў у працы і вучобе.
— У каледжы шмат дасягненняў па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. Але ці былі б яны магчымы без каманды аднадумцаў?
— Безумоўна, усе дасягненні нашай установы вызначаюцца менавіта карпатлівай працай педагагічнага калектыву. Сёння ў каледжы працуюць 96 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, кожны з якіх — выключны прафесіянал сваёй справы. Усе педагогі выдатна арыентуюцца ў сваёй прафесійна-прадметнай вобласці, і, нягледзячы на гэта, яны пастаянна ўдасканальваюцца. Традыцыйнымі сталі семінары, практыкумы, якія праводзяць выкладчыкі і майстры. Яны дзеляцца сваім вопытам, знаходкамі, прадстаўляюць распрацаваныя і апрабаваныя імі структурныя элементы вучэбна-метадычных комплексаў. З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогі прымаюць удзел і ў розных рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Важным момантам з’яўляецца тое, што нашы выкладчыкі ўдасканальваюць майстэрства перш за ўсё для таго, каб перадаць яго сваім выхаванцам.
— Валянціна Міхайлаўна, што ў планах каледжа?
— Каледж дынамічна развіваецца, даючы моладзі шырокія магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, набыцця неабходных асобасных і прафесійных кампетэнцый. Наш калектыў разумее, што ад якасці падрыхтоўкі выпускнікоў шмат у чым залежыць іх паспяховая адаптацыя да патрабаванняў рынку працы. Плануем далей удасканальваць вучэбна-выхаваўчы працэс, павышаць узровень адукацыі навучэнцаў, развіваць іх творчыя здольнасці, паляпшаць бытавыя ўмовы пражывання, арганізоўваць вольны час. Мы шчыра чакаем усіх, хто хоча прыйсці да нас вучыцца.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.