У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы першымі абітурыентаў сустракаюць тыя, хто яшчэ год ці два назад сам знаходзіўся ў гэтай ролі, — члены студэнцкага сэрвіснага атрада. Іх задача не толькі размеркаваць патокі абітурыентаў і расказаць, дзе што знаходзіцца. Студэнты, якія працуюць падчас уступнай кампаніі, фарміруюць электронную базу “Абітурыент”. Пасля залічэння тыя, хто знаходзіўся ў гэтай базе, аўтаматычна пераносяцца ў электронную базу “Студэнт” і атрымліваюць доступ да электронных рэсурсаў універсітэта ўжо ў жніўні.
У гэтым годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы прыём вядзецца па 53 спецыяльнасцях. Універсітэт заўсёды выконвае бюджэтны набор, таму сёлета колькасць бюджэтных месцаў павялічана на 25. На дзённую бюджэтную форму навучання прымуць 870 чалавек, што на 15 больш, чым летась. Прырост ёсць на ваенным і педагагічным факультэтах. Такая сітуацыя абумоўлена патрэбамі рэгіёна і заказчыкаў кадраў. На ўсе формы навучання плануецца прыняць 2824 чалавекі.
Адкрыта спецыяльнасць “Мытная справа”. Пра тое, што мытнікі запатрабаваны ў памежным рэгіёне, сведчыць і сітуацыя з падачай заяў. Як паведаміла дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава, ужо ў першыя дні работы прыёмнай камісіі колькасць заяў перавысіла лічбы прыёму. Набор на згаданую спецыяльнасць складае 25 чалавек: 20 з іх будуць вучыцца за кошт сродкаў бюджэту і 5 — на ўмовах аплаты.
Яшчэ адной адметнасцю першых дзён работы адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ Юрый Раманоўскі называе вялікую актыўнасць абітурыентаў. У першы дзень заяў паступіла ў 1,5 разу больш, чым летась, а за два дні дакументы падалі больш за 800 чалавек. Тысячнага абітурыента тут сустракалі раніцай 11 ліпеня.
Як заўсёды, у першы дзень прыйшлі абітурыенты з высокімі баламі, якія вызначыліся з прафесіяй. 379 балаў — у тым ліку 100-бальны вынік па фізіцы — у выпускніцы гімназіі № 2 Гродна Дар’і Друцько. Дзяўчына выбрала спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” на факультэце матэматыкі і інфарматыкі.
Сярод прадастаўленых сертыфікатаў 100-бальны вынік па грамадазнаўстве — у залатой медалісткі Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Веранікі Санчук. З 345 баламі яна паступае на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму, а яе будучая спецыяльнасць — “Інфармацыя і камунікацыя”.
Адзначаюць ва ўніверсітэце і цікавасць моладзі да педагагічных спецыяльнасцей. Так, першы абітурыент фізіка-тэхнічнага факультэта падаў заяву на спецыяльнасць “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)”. Дэкан факультэта Андрэй Герман гаворыць, што ў параўнанні з мінулым годам, калі абітурыенты з’явіліся на гэты кірунак толькі ў апошнія дні, сёлета заявы на педагічную спецыяльнасць сталі паступаць з першых дзён работы прыёмнай камісіі.
Вось і выпускніца Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна залатая медалістка Марыя Буяк сваю прафесійную дзейнасць хоча звязаць з педагогікай. Яна выбрала спецыяльнасць “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”. А выпускніца Ваўкавыскага каледжа ГрДУ Вікторыя Васілевіч, якая атрымала дыплом з адзнакай і размеркаванне ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага раёна, мае намер прадоўжыць навучанне па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” на завочнай скарочанай форме.
ГрДУ імя Янкі Купалы — адзіная ў рэгіёне ўстанова, дзе вядзецца падрыхтоўка і на вячэрняй форме па спецыяльнасцях “Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання арганізацый” і “Інфармацыйна-вымяральная тэхніка”. Усяго на такую форму навучання будзе прынята 90 чалавек.
І калі абітурыентам першай ступені яшчэ варта пахвалявацца — залічэнне на бюджэтнае навучанне яшчэ наперадзе, то прыём у магістратуру ўжо завяршыўся. На некаторыя спецыяльнасці конкурс быў 3,5 заявы на месца.
Дарэчы, сёлета ў магістратуры ГрДУ адкрыты чатыры новыя практыка-арыентаваныя спецыяльнасці: “Пракурорска-следчая дзейнасць”, “Прававое забеспячэнне альтэрнатыўных спосабаў урэгулявання канфліктаў і спрэчак” — на юрыдычным факультэце, “Метады аналізу і кіравання ў тэхнічных і эканамічных сістэмах” — на факультэце матэматыкі і інфарматыкі, “Прыкладны камп’ютарны аналіз даных” — на факультэце эканомікі і кіравання. Усяго на 24 спецыяльнасці дзённай формы і 26 завочнай формы ў магістратуру залічаны 354 чалавекі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.