Удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні дазваляе абітурыентам азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў, праверыць узровень уласных ведаў, набыць навыкі запаўнення бланкаў і псіхалагічна падрыхтавацца да будучых выпрабаванняў. Асабліва важна прыняць удзел у трэцім этапе РТ. Як паказвае вопыт, прадстаўленыя на ім тэсты найбольш набліжаны да тых, што прапаноўваюцца абітурыентам на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне праводзіцца па матэрыялах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Апрацоўка адказаў і падлік вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіі ЦТ. Пасля завяршэння кожнага этапу (трэці этап завершыцца ў канцы красавіка) абітурыенты могуць атрымаць рашэнні тэставых заданняў для правядзення работы над памылкамі.
Пералік устаноў адукацыі, адказных за арганізацыю і правядзенне рэпетыцыйнага тэсціравання, размешчаны на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Графік правядзення ЦТ у 2020 годзе:
беларуская мова — 13 чэрвеня (субота);
руская мова — 15 чэрвеня (панядзелак);
грамадазнаўства — 17 чэрвеня (серада);
матэматыка — 19 чэрвеня (пятніца);
біялогія — 21 чэрвеня (нядзеля);
замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 23 чэрвеня (аўторак);
хімія — 25 чэрвеня (чацвер);
фізіка — 27 чэрвеня (субота);
гісторыя Беларусі — 29 чэрвеня (панядзелак);
геаграфія — 1 ліпеня (серада);
сусветная гісторыя (найноўшы час) — 4 ліпеня (субота).
Рэзервовымі днямі правядзення ЦТ устаноўлены 8, 10 і 12 ліпеня.