Тэрміны ўступнай кампаніі

Сёлетняя ўступная кампанія скончыцца амаль на два тыдні пазней, чым у мінулыя гады. Напрыклад, залічэнне абітурыентаў, якія будуць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на платнай аснове, завершыцца аж 17 жніўня. Тыя, каму пашчасціць паступіць на бюджэт, адправяцца адпачываць раней.

Прыём дакументаў

З 25 па 31 ліпеня ўстановы вышэйшай адукацыі прымаюць дакументы ад асоб, якія паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, а таксама на платнай аснове, калі прадугледжаны ўнутраныя ўступныя выпрабаванні.

Выпускнікі профільных педкласаў, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці па выніках субяседавання, павінны падаць дакументы з 25 па 27 ліпеня.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове (без здачы ўнутраных іспытаў), дакументы будуць прымацца:

  • з 25 ліпеня па 10 жніўня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
  • з 25 ліпеня па 13 жніўня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацт­ваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
  • з 25 ліпеня па 15 жніўня — у іншых установах вышэйшай адукацыі.

Уступныя выпрабаванні

Уступныя выпрабаванні абітурыенты будуць праходзіць:

  • з 1 па 3 жніўня — ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, Ваеннай акадэміі і на ваенных факультэтах;
  • з 1 па 7 жніўня — у іншых установах вышэйшай адукацыі.

Залічэнне

Залічэнне абітурыентаў на спецыяльнасці, па якіх не здаюцца ўступныя выпрабаванні, на бюджэтную форму:

  • па 4 жніўня — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС і на ваенныя факультэты;
  • па 6 жніўня — у іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі.

Залічэнне на бюджэтную форму на спецыяльнасці, па якіх здаюцца ўступныя выпрабаванні:

  • па 5 жніўня — на ваенныя факультэты;
  • з 10 па 11 жніўня — у дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі.

Калі пасля залічэння абітурыентаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі застануцца вакантныя бюджэтныя месцы, на іх будзе абвешчаны дадатковы набор. Ваенная акадэмія, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, Інстытут пагранічнай службы і ваенныя факультэты праінфармуюць абітурыентаў аб наяўнасці вакантных месцаў да 6 жніўня, астатнія ўстановы вышэйшай адукацыі — да 12 жніўня (адпаведную інфармацыю трэба будзе шукаць на сайтах канкрэтных устаноў).

Падаць дакументы на вакантныя месцы ў сілавыя ўстановы вышэйшай адукацыі і на ваенныя факультэты можна да 7 жніўня, у іншыя ўстановы — да 13 жніўня. Залічэнне на вакантныя месцы адбудзецца адпаведна 8 і 14 жніўня.

Абітурыенты, якія паступаюць на платнай аснове, будуць залічвацца па 17 жніўня.


Для паступаючых на завочную форму ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю ўступная кампанія пройдзе ў канцы года, калі завершацца асноўныя сельгасработы. Прыём дакументаў ад іх будзе ажыццяўляцца з 15 лістапада па 5 снежня. Уступныя іспыты пройдуць з 6 па 15 снежня. Залічэнне на бюджэтныя і платныя месцы завершыцца 20 снежня.

Галіна СІДАРОВІЧ.